13 лiстапада 2019, Серада, 7:42
Добрая навіна
Рубрыкі

Андрэй Курэйчык атрымаў прэмію за «Вышэй за неба» (Фота)

8

Аўтар сцэнара серыяла «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык атрымаў спецыяльны прыз журы расейскай прафесійнай прадзюсерскай кінапрэміі «Знята!».

Уручэнне прэміі прайшло ў Маскве ў кінатэатры «Мастацкі», пішуць naviny.by.

Прэмія заснаваная Асацыяцыяй незалежных прадзюсараў пры падтрымцы Міністэрства культуры Расеі Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі. Прэмія «Знята!» уручаецца лепшым прадзюсарам, якія працуюць у Расеі над стварэннем поўнаметражных мастацкіх кінастужак і рэалізавалі свой першы ці другі кінапраект. У гэтым годзе ўпершыню было зробленае выключэнне дзеля замежнага прадзюсара.

Кінапрэмію «Знята!» за лепшы беларускі прадзюсарскі дэбют атрымаў Андрэй Курэйчык за фільм «Вышэй за неба». Нагадаем, праект «Вышэй за неба» ствараўся па замове офіса ПРААН у Беларусі на грант Глабальнага фонду па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй.

«Прэмія «Знята!» - гэта персанальная прэмія. Яна ўручаецца не фільму, а канкрэтнаму прадзюсару за ягоную працу, - распавёў старшыня аргкамітэта прэміі прадзюсер Канстанцін Серабракоў. - Для нас відавочна, што Андрэй - прадзюсар-прафесіянал вельмі высокага класа. Тое, што ягоны фільм стаў такой велізарнай падзеяй для Беларусі, таму пацверджанне».

Журы прэміі ў гэтым годзе ўзначаліла віцэ-прэзідэнт Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Расеі Яўгенія Цірдатава.

«Мой статус прадзюсара на праекце замацаваны і кантрактам (там паказаны кантроль за здымкамі) і афіцыйнымі аанаўскімі трэйлерамі. (ПРААН сцвярджае, што кантракт з Курэйчыкам складаўся выключна як са сцэнарыстам. - Рэд.) Але галоўнае - самой рэальнасцю. Мне насамрэч даводзілася збіраць усе творчыя элементы фільма разам: кінагрупай, актораў, эстэтыку, стыль і ідэалогію карціны. Хоць фінальнае слова па ўсіх творчых пытаннях заўсёды было за мной, але гэта поспех наш агульны», - кажа Андрэй Курэйчык.

«Мы віншуем нашае кіно з гэтым прызнаннем, - кажа рэжысёр фільма Зміцер Марынін. - Шматлікія блытаюць паняцці інвестар і прадзюсар. Нідзе ў свеце прадзюсары не здымаюць фільмы за свае грошы: часам гэта замовы, крэдыты, часцей за ўсё - дзяржаўная дапамога. Прадзюсер - гэта канкрэтны чалавек, які бярэ на сябе ўсю паўнату адказнасці за творчыя рашэнні, якія прыводзяць да поспеху або правалу кінапраекта. У нашым выпадку сітуацыя відавочная. Гэта поспех».

Пасля канфлікту, які адбыўся паміж творчай групай, якую ўзначальвалі Андрэй Курэйчык і Зміцер Марынін, і замоўцам, праект «Вышэй за неба» існуе ў двух фарматах: поўнаметражнага кіно, не зацверджанага замоўцам, і 8-серыйнага серыяла.

«Фільм «Вышэй за неба» - гэта факт аб'ектыўнай рэальнасці, - разважае Андрэй Курэйчык. - Ён вельмі папулярны ў гледача, атрымаў высокую адзнаку прафесійнай супольнасці. Перакананы, што як толькі будзе знятая забарона, мы атрымаем цэлы букет фестывальных прызоў. Так чаму і замоўцу не скарыстацца гэтым поспехам? Чым гэта перашкодзіць серыялу? Не разумею. Тым больш што барацьба супраць твору мастацтва - справа ўсё роўна бесперспектыўная».