Сурыкаў спрабуе замяць малочную тэму
17- 26.06.2012, 17:42
Ніякіх надзвычайных праблем з пастаўкай беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак у цяперашні час няма, сцвярджае амбасадар РФ у Менску А.Сурыкаў.
«Я не думаю, што ёсць вельмі сур'ёзныя пытанні. Звычайная летняя праблема - на рынку паўстала празмернасць малака... Праблема даўно знятая разумнымі дзеяннямі бакоў, самаабмежаваннем», - заявіў сёння Сурыкаў, заклікаючы не падымаць ажыятаж вакол гэтай тэмы.
Зрэшты, ажыятаж з нагоды беларускага малочнага экспарту ў Расею ў чарговы раз быў узняты нацыянальным саюзам вытворцаў малочнай прадукцыі «Саюзмалако». І мяркуючы па дадзеных, прыведзеных у звароце да расейскіх уладаў, датаваным 25 чэрвеня, ніякім самаабмежаванне беларускага боку і не пахне, піша АФН.
Можна выказаць здагадку, што Сурыкаў не чытаў зварот Саюзмалака. Аднак той факт, што амбасадар РФ упершыню гэтак аператыўна адрэагаваў на чарговую гандлёвую праблему ў беларуска-расейскіх адносінах, паказвае на тое, што каманда замяць не да часу паднятую малочную праблему паступіла з Крамля, зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці, бо сёння ў Менск прыехаў спікер Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін.