Збілі і аштрафавалі
20- 27.06.2012, 10:34
У Калінкавічах аштрафавалі раней збітага міліцыяй 17-гадовага Канстанціна Рудзеню, а таксама ягоную сяброўку Наталлю Мальшакову.
Камісія па справах непаўнагадовых Калінкавіцкага райвыканкама 26 чэрвеня пастанавіла аштрафаваць непаўнагадовых Наталлю Мальшакову на 2 мільёны, а Канстанціна Рудзеню, збітага міліцыяй, - на 2 мільёны 100 тысяч рублёў, перадае «Радыё Свабода».
На падставе міліцэйскіх рапартаў і апытанняў Наталлю абвінавацілі ў тым, што яна ў Інтэрнэце ў каментары з нагоды збіцця міліцыяй свайго сябра «наўмысна абразіла нецэнзурнымі словамі супрацоўнікаў міліцыі пры выкананні імі службовых паўнамоцтваў».
Канстанціну паставілі ў віну з'яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, арганізацыю бойкі і непадпарадкаваньне міліцыі. Акрамя таго, яму вынеслі 2 папярэджанні паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Нагадаем, як раней паведамляў сайт charter97.org, 1 мая ў Калінкавічах міліцыянты жорстка збілі маладога чалавека.
У сацсетцы Вконтакте з'явілася жудаснае відэа, на якім на вачах у сотняў сведак супрацоўнікі міліцыі ўтрымліваюць чалавека, які ляжыць у лужыне крыві.
Непаўнагадовы пасля «зносінаў» з вартавымі правапарадку быў дастаўлены ў лякарню з пераломам шыі, дыхаць самастойна ён не мог, твар быў моцна пабіты.