18 красавiка 2024, Чацвер, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У турме Алеся Бяляцкага наведаў праваабаронца

3
У турме Алеся Бяляцкага наведаў праваабаронца

5 чэрвеня сябар праўлення «Магілёўскага праваабарончага цэнтра» Віктар Сідарэнка наведаў Бабруйскую выпраўленчую калонію № 2, дзе сустрэўся з Алесем Бяляцкім.

Магчымасць наведаць бабруйскую калонію і асуджанага праваабаронца з'явілася ў Віктара Сідарэнкі ў сувязі з тым, што ён з'яўляецца старшынём грамадскай назіральнай камісіі пры Галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама па наглядзе за месцамі пазбаўлення волі ў Магілёўскай вобласці, піша ПЦ «Вясна».

Падставай для сустрэчы была скарга праваабаронцы Анастасіі Лойка з нагоды таго, што да Алеся Бяляцкага не даходзіла паштовая карэспандэнцыя. Дзеля праверкі гэтай інфармацыі ўпраўленне юстыцыі дало дазвол камісіі ўдакладніць гэтую інфармацыю.

Віктар Сідарэнка кажа, што сустрэча праходзіла на працягу 30 хвілін у прысутнасці супрацоўнікаў адміністрацыі калоніі.

«Алесь Бяляцкі паведаміў, што ў яго ўсё адносна добра, харчаванне ў калоніі неблагое. Ён па-ранейшаму працуе пакавальшчыкам на швейнай вытворчасці. Пагаварыць сам-насам нам не далі, хоць па законе гэта рабіць былі абавязаныя. Правесці анкетаванне, якое звычайна камісія праводзіць са зняволенымі, таксама не дазволілі. Верагодна, калі б мы былі ў памяшканні сам-насам, ён бы паведаміў нешта цікавае», - кажа Віктар Сідарэнка.

Сябар праўлення Грамадскага аб'яднання «Магілёўскі праваабарончы цэнтр» таксама распавёў пра тое, што дзеля Алеся Бяляцкага ў Бабруйскай выпраўленчай калоніі № 2 заведзены асобны журнал уліку ягонай карэспандэнцыі. Штотыдзень Алесь Бяляцкі атрымлівае 4-5 лістоў, у некаторыя тыдні - больш за дзесятак.

Справаздачу грамадскай камісіі па выніках візіту ў калонію атрымае Дэпартамент выканання пакаранняў і праваабаронца Анастасія Лойка.

Нагадаем, што вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны судом Першамайскага раёну Менска на 4,5 гады пазбаўлення волі. Суддзя Сяргей Бандарэнка прызнаў праваабаронца вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў яго да турэмнага тэрміну з канфіскацыяй маёмасці.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках