19 траўня 2024, Нядзеля, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэгістрацыю, шлюб і дзяцей у пашпарце будуць пісаць толькі па-расейску

30
Рэгістрацыю, шлюб і дзяцей у пашпарце будуць пісаць толькі па-расейску

Па-беларуску змогуць паставіць толькі штамп аб адмове ў выездзе за межы краіны.

«Усе запісы і адзнакі ў пашпарце робяцца выключна на расейскай мове!» - маўляў, адпаведнай пастановай МУС забаронена рабіць запісы на беларускай у расейскамоўныя штампы. А беларускамоўных у іх няма. Такі адказ атрымала жыхарка Менска Зоя ад супрацоўнікаў аднаго са сталічных аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі ў адказ на просьбу запісаць у новы пашпарт звесткі аб дзіцяці, прапісцы і шлюбе па-беларуску, перадае «Еўрарадыё».

Тое, што зараз адзіным цалкам беларускамоўным штампам у пашпарце можа быць «У выезде адмоўлена», пацвярджаюць і ў адным з аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі. Прызнаюць: раней у расейскамоўны штамп без праблем рабілі запісы па-беларуску. Але зараз на «расейскім полі» будуць выключна расейскія запісы.

«Усе запісы будуць на расейскай мове. Таму што ў нас штампы па-расейску. Гэта было раней, але памянялася пастанова - усе запісы ў пашпарты рабіць па-расейску. А раней было і па-беларуску, і па-расейску», - кажа супрацоўнік аддзела.

Больш за тое, суразмоўца ўдакладняе, што МУС з самага пачатку не прадугледжваў наяўнасць у пашпартных сталах неабходных штампаў у двух варыянтах: па-беларуску і па-расейску.

«Яны (штампы на беларускай мове) не прадугледжаныя пастановай МУС. МУС займаецца пытаннямі вырабу пашпарта, МУС стварае свае ведамасныя нарматыўна-прававыя акты, якімі мы кіруемся, і МУС замаўляў усе штампы: аб шлюбе, аб рэгістрацыі (прапісцы), аб дзецях - усё на расейскай мове», - сказаў супрацоўнік.

Тое, што зараз усе запісы і адзнакі ў пашпарце будуць рабіцца выключна па-расейску, пацвярджаюць і ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі са спасылкай на пастанову № 200 ад 28.06.2010 года МУС РБ. Але ад наступных каментароў супрацоўнікі дэпартамента адмаўляюцца. Толькі са здзіўленнем пытаюцца: «Як вы сабе ўяўляеце запіс па-беларуску на расейскім полі?»

Старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе «палаты прадстаўнікоў» Уладзімір Здановіч прызнае: аб моўных праблемах з запісамі ў пашпарт чуе ўпершыню. Як і аб згаданай пастанове МУС. Але сам факт адсутнасці неабходных штампаў у беларускім варыянце лічыць дзіўным.

«З пункту гледжання дзяржаўнага чалавека я лічу, што раз у нас існуе двухмоўе, то трэба, каб гэтыя штампы рабіліся на дзвюх мовах - беларускай і расейскай. Тады не будзе ніякіх спрэчак», - сказаў Здановіч.

Наколькі паказаная пастанова МУС супярэчыць Закону «Аб мовах», «дэпутат» адказаць не здолеў. Маўляў, у законе напісана: «беларуская і / або расейская мова». А гэта дае магчымасць выбару.

З «дэпутатам» не згодны старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

«Так, закон такі ёсць, але гэта значыць, што яны могуць штамп зрабіць па-расейску, але абавязаныя запісаць там па-беларуску, калі вы гэтага хочаце», - кажа Трусаў.

Цікава, што пастанова, на якую спасылаюцца пашпартысты, абвяшчае: «Запісы і адзнакі ў пашпарце робяцца на беларускай або расейскай мове фіялетавымі або чорнымі чарніламі».

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках