24 снежня 2024, aўторак, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парламентарыі ЕЗ і ЗША патрабуюць вызваліць палітвязняў

13
Парламентарыі ЕЗ і ЗША патрабуюць вызваліць палітвязняў

Дэпутаты Еўрапарламента, Сената ЗША і Бундэстага звярнуліся да беларускіх улад.

У рамках кампаніі шэфства над беларускімі палітычнымі зняволенымі, арганізаванай «Libereco - Partnership for Human Rights», еўрадэпутат ад Польшчы Марэк Мігальскі ініцыяваў сумесную міжнародную заяву па сітуацыі ў Беларусі, паведамляе Baltic Review (пераклад - charter97.org).

Пятнаццаць парламентарыяў з розных краін выказваюць сёння сваю падтрымку дэмакратычным памкненням беларусаў і заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў, журналістаў і дысыдэнтаў у Беларусі, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў.

Прыводзім тэкст сумеснай заявы:

«Сітуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі выклікае ўсё больш турботы. Беларускія СМІ рэгулярна інфармуюць пра рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзкіх актывістаў, прадстаўнікоў апазіцыі і незалежных журналістаў.

Пагоршылася сітуацыя з беларускімі палітычнымі зняволенымі, якія працягваюць знаходзіцца ў месцах пазбаўлення або абмежавання волі. Ад зняволеных патрабуюць напісання «прашэнняў аб памілаванні». На іх аказваецца нязменны ціск, улады спрабуюць прыпісаць ім статус «злосных парушальнікаў рэжыму ўтрымання», пазбавіўшы тым самым права на амністыю. У прыватнасці, прашэння аб памілаванні патрабавалі ад актывіста Сяргея Каваленкі і былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Абодва былі змешчаны ў карцэр.

Мы занепакоеныя тым, што супраць лідэра апазіцыйнай арганізацыі «Малады Фронт» Зміцера Дашкевіча была ўзбуджаная новая крымінальная справа. Яму пагражае дадатковы год у зняволенні за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. У калоніях аказваецца ціск і на іншых палітычных зняволеных. Мікалай Аўтуховіч, як і Мікалай Статкевіч, рашэннем суда быў прысуджаны да больш строгіх умоў утрымання і пераведзены ў турму крытага тыпу. Мікалай Дзядок на 6 месяцаў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу. Алесь Бяляцкі атрымаў тры дысцыплінарныя спагнанні ад кіраўніцтва калоніі.

22 чэрвеня беларускія ўлады затрымалі журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута і абвінавацілі яго ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. 30 чэрвеня Пачобут быў вызвалены з турмы пад падпіску аб нявыездзе, але абвінавачванні супраць яго не былі знятыя. Затрыманне журналіста, безумоўна, з'яўляецца папярэджаннем для прадстаўнікоў незалежных СМІ ў Беларусі.

Турботу выклікае колькасць адміністрацыйных арыштаў, якім падвяргаюцца моладзевыя актывісты. Беларускія ўлады імкнуцца пазбягаць крымінальнага пераследу ўдзельнікаў апазіцыйных арганізацый, выкарыстоўваючы замест гэтага кароткатэрміновыя арышты. У перыяд з ліпеня 2011 года па травень 2012 года адміністрацыйныя арышты на аснове ілжывых абвінавачванняў адбывалі 16 актывістаў «Маладога Фронту».

Мы лічым, што судовыя працэсы ў дачыненні да актывістаў апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці не адпавядаюць міжнародным стандартам, а прысуды з'яўляюцца палітычна матываванымі.

Мы патрабуем ад беларускіх улад неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных і спынення пераследу ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці».

Пад заявай паставілі свае подпісы дэпутаты Еўрапарламента, Бундэстага і Сената ЗША:

Марылуізэ Бек, дэпутат нямецкага Бундэстага,

Біджан Джыр-Сарай, дэпутат нямецкага Бундэстага,

Сары Эссайях, дэпутат Еўрапейскага парламента,

Міхаэль Галер, дэпутат Еўрапейскага парламента,

Катрын Герынг-Экардт, віцэ-спікер нямецкага Бундэстага,

Ангеліка Граф, дэпутат нямецкага Бундэстага,

Марк Кірк, сенатар ЗША ад штата Ілінойс,

Бэрбель Кофлер, дэпутат нямецкага Бундэстага,

Марэк Мігальскі, дэпутат Еўрапейскага парламента,

Мануэль Саррацін, дэпутат нямецкага Бундэстага,

Вернэр Шульц, дэпутат Еўрапейскага парламента,

Марына Шустэр, дэпутат нямецкага Бундэстага,

Крыстаф Штрэссэр, дэпутат нямецкага Бундэстага,

Франц Цонэс, дэпутат нямецкага Бундэстага,

Флорыян Тонкар, дэпутат нямецкага Бундэстага.

Арганізацыя «Libereco-Partnership for Human Rights», ініцыявала кампанію шэфства над беларускімі палітычнымі зняволенымі і іх сем'ямі. Парламентарыі, якія падтрымалі цяперашнюю сумесную заяву, прынялі ўдзел у гэтай кампаніі і ўзялі апеку над палітвязнямі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках