У пагоні за п'яным «бяспраўнікам» машына ДАІ ўрэзалася ў слуп (Фота)
64- 22.08.2012, 11:20
Раніцай у Менску адбыўся пераслед аўтамабіля Volkswagen Polo, за рулём якога знаходзіўся парушальнік са стажам, да таго ж раней судзімы за забойства.
Экіпаж ДАІ папрасіў дапамогі ў калег з суседняга раёна горада.
Пераслед вёўся на двух аўтамабілях, але на вул. Чыгуначнай адна са службовых машын трапіла ў аварыю. Інспектары, якія знаходзіліся ў ёй, атрымалі цяжкія траўмы, піша onliner.by.
Што здарылася, распавялі ў ГУУС Менгарвыканкама.
- У 04:45 экіпаж ДАІ Кастрычніцкага раёна звярнуўся па радыёстанцыі да калег з просьбай аказаць садзейнічанне пры затрыманні аўтамабіля Volkswagen Polo, які не падпарадкаваўся патрабаванням аб спыненні, - паведаміў Аляксандр Ластоўскі. - Да пераследу падключыўся нарад з ДАІ Маскоўскага раёна. Гэтыя інспектары ехалі на аўтамабілі Lada Priora. Рухаючыся па вул. Чыгуначнай (з боку вул. Мініна ў напрамку вул. Уманскай) дадзены аўтамабіль выехаў за межы праезнай часткі і ўрэзаўся ў слуп. Гэта адбылося насупраць дома № 126.
Аднаго з супрацоўнікаў ДАІ вызвалялі выратавальнікі, распавёў памочнік начальніка гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі.
Абодва пацярпелых былі дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі.
- Інспектараў даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне шпіталя, - удакладніў Аляксандр Ластоўскі. - Яны знаходзяцца ў цяжкім стане.
Аднаму з пацярпелых прыйшлося ампутаваць нагу, у другога шматлікія пераломы і чэрапна-мазгавая траўма.
У прэс-службе ГУУС распавялі, што аўтамабіль Volkswagen удалося затрымаць. Кіроўца быў спынены на пр. Любімава.
- За рулём знаходзіўся мужчына 1976 г.н., - зачытаў зводку Аляксандр Ластоўскі. - У дачыненні да яго складзены некалькі адміністрацыйных пратаколаў. Па-першае, у яго няма праў. Па-другое, ён быў п'яны - медагляд паказаў 1,77 праміле алкаголю. Па-трэцяе, за неаднаразовае парушэнне законных патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ спыніцца і іншыя парушэнні ПДР. Раней гэты чалавек быў судзімы за забойства.