13 лiстапада 2024, Серада, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Кыргызстана настойвае на выдачы Жаныбека Бакіева

9
МЗС Кыргызстана настойвае на выдачы Жаныбека Бакіева

На жаль, Генпракуратура Беларусі стала на шлях апраўдання Жаныбека Бакіева, гаворыцца ў заяве ведамства.

«Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі выказвае здзіўленне і заклапочанасць у сувязі з публікацыямі ў расейскіх сродках масавай інфармацыі артыкулаў і фатаграфій грамадзяніна Кыргызскай Рэспублікі Бакіева Жаныбека Саліевіча, былога кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы Кыргызскай Рэспублікі, якія пацвярджаюць яго знаходжанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў заяве ведамства , размешчанай на сайце МЗС Кыргызскай Рэспублікі 22 жніўня.

Жаныбек Бакіеў знаходзіцца ў міжнародным вышуку, у тым ліку па лініі Інтэрпола, па абвінавачванні ў асабліва цяжкіх злачынствах, учыненых на тэрыторыі Кыргызстана.

У заяве падкрэсліваецца, што кампетэнтныя органы Кыргызскай Рэспублікі неаднаразова звярталіся ў дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь з просьбай аб прыняцці мер па рэалізацыі абавязацельстваў, прынятых на сябе беларускім бокам паводле Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах і іншым міжнародным дамовам. «Да глыбокага шкадавання, Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь стала на шлях апраўдання Жаныбека Бакіева і кваліфікавала відавочныя крымінальныя злачынствы як «пераслед па прыкмеце палітычных перакананняў».

Кыргызскі бок занепакоены тым, што Ж.Бакіеў свабодна перамяшчаецца па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якая з'яўляецца сяброўскай краінай і ўдзельніцай вышэйзгаданай Канвенцыі, а таксама іншых міжнародных дамоў. Згодна з названай Канвенцыяй «бакі абавязаны шукаць асоб, ажыццяўляць крымінальны пераслед, выдаваць асоб для прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці або прывядзення прысуду ў выкананне».

21 жніўня ў МЗС Кыргызскай Рэспублікі быў запрошаны Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Кыргызскай Рэспубліцы В. Дзенісенка, якому ўручана вербальная нота.

«Кыргызскі бок выказвае надзею, што беларускім бокам ўсё ж такі будуць прыняты вычарпальныя меры па неадкладным затрыманні і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Кыргызскую Рэспубліку», - адзначаецца ў заяве.

Нагадаем, былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках