Кыргызстан адклікаў свайго амбасадара з Менска
52- 24.08.2012, 15:40
Амбасадар адкліканы з-за адсутнасці рэакцыі беларускіх улад на ноту МЗС Кыргызстана.
Улады Кыргызстана выклікалі ў Бішкек свайго амбасадара з Беларусі для правядзення кансультацый у сувязі з сітуацыяй з братам экс-кіраўніка рэспублікі Жаныбекам Бакіевым, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку.
Амбасадар у Менску Эрык Асаналіеў адкліканы «з-за адсутнасці рэакцыі беларускага боку на вербальную ноту МЗС Кыргызстана адносна знаходжання ў гэтай краіне брата былога прэзідэнта Жаныбека (Жаныша) Бакіева», гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МЗС Кыргызстана, якое паступіла ў «Інтэрфакс» у пятніцу.
Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі накіравала беларускім калегам вербальную ноту «аб прыняцці вычарпальных мер па больш хуткаму затрыманню грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кыргызскую Рэспубліку» яшчэ 21 жніўня. Ноту з такім пасланнем перадалі амбасадару Беларусі ў Кыргызскай Рэспубліцы.
Інфармацыя аб знаходжанні брата былога кіраўніка Кыргызстана ў Менску з'явілася ў СМІ 20 жніўня. Пацверджаннем сталі апублікаваныя фотаздымкі, зробленыя адным з актывістаў беларускай апазіцыі.
22 жніўня МУС Кыргызстана распаўсюдзіла заяву аб тым, што сфатаграфаваныя разам з Жанышам Бакіевым людзі знаходзяцца ў вышуку па справе аб трайным забойстве. Па звестках ведамства, на фотаздымку грамадзяне Кыргызстана, абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук, - былы старшыня Службы дзяржаховы Жаныш Бакіеў, а таксама яго аднакурснік і экс-намеснік СГО Тахір Рысаліеў, 1957 года нараджэння, ураджэнец Нарынскай вобласці, і Рустам Сайдуеў, 1976 года нараджэння, ураджэнец Джалал-Абадскай вобласці, блізкі сябар Максіма Бакіева.
Нагадаем, былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек (Жаныш) Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.