Літва яшчэ не прыняла рашэнне па «плюшавым дэсанце»
5- 28.08.2012, 10:55
Літоўская пракуратура яшчэ не вырашыла, ці задавальняць просьбу Беларусі аб прававой дапамозе ў расследаванні справы аб парушэнні паветранай дзяржмяжы 4 ліпеня.
«Пракуроры рашэнне яшчэ не прынялі», - сказала прадстаўнік Генпракуратуры Рута Дзірсене, якую цытуе DELFI.
Яна сказала, што не можа прагназаваць, калі такое рашэнне будзе прынята.
Генпракуратура Літвы атрымала зварот Беларусі 9 жніўня.
Нагадаем, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Па факце незаконнага перасячэння мяжы КДБ узбудзіў крымінальную справу па ч. 3 арт. 371 КК. Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні ўказанага злачынства былі затрыманыя грамадзяне Беларусі Антон Сурапін і Сяргей Башарымаў, якім прад'яўленае абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) КК.
КДБ Беларусі выслаў павесткі шведскім пілотам для дачы паказанняў у Менску ў якасці падазраваных і звярнуўся да Літвы з просьбай аказаць прававую дапамогу ў расследаванні справы аб парушэнні беларускай мяжы лёгкаматорным самалётам.