18 траўня 2024, Субота, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вяртаць студэнтам бясплатны праезд не спяшаюцца

24
Вяртаць студэнтам бясплатны праезд не спяшаюцца

Перш чым вяртаць студэнтам бясплатны праезд, трэба спытаць пенсіянераў, заяўляюць у Менгарвыканкаме.

З 1 ліпеня для студэнтаў і навучэнцаў адмянілі бясплатны праезд у грамадскім транспарце.

Нядаўна старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька заявіў, што рэзананснае рашэнне ў цэлым было падтрымана студэнцкай грамадскасцю. Пазней з'явілася інфармацыя, што з 1 верасня льготы ўсё ж могуць вярнуць. Як аказалася, рашэнне яшчэ не прынятае і радавацца рана.

Пытанне прадастаўлення студэнтам права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце застаецца адкрытым. Пра гэта, як перадае БелТА, заявіў сёння намеснік старшыні Менгарвыканкама Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, гэтае пытанне досыць дыскусійнае. «Калі мы толькі ўвялі бясплатны праезд для студэнтаў, мы атрымалі масу папрокаў, - адзначыў намеснік старшыні. - Акрамя таго, мы атрымлівалі лісты, у якіх пенсіянеры скардзіліся на тое, што студэнты не саступаюць месца чалавеку старэчага ўзросту, ды яшчэ і ездзяць бясплатна».

Ігар Карпенка прывёў прыклад, што ў савецкія часы студэнткі падзараблялі прыбіральніцамі ў інтэрнаце. «Сёння ж студэнта ледзь угаворыш працаваць у інтэрнаце», - дадаў ён. Таму, падаючы льготы на праезд студэнтам, нельга спараджаць сацыяльнае ўтрыманства. Многія студэнты, якія сумяшчаюць вучобу з працай, прызнаюць, што атрыманне права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце для іх не прынцыпова, бо яны ў стане купіць сабе талон на праезд у аўтобусе ці тралейбусе.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў гарадской ратушы казаў і Мікалай Ладуцька. Не варта думаць, што ў моладзі зусім няма грошай, лічыць ён. Паводле інфармацыі Ладуцькі, з 110 тыс. навучэнцаў у 10 тыс. ёсць уласныя аўтамабілі.

Зрэшты, тэма бясплатнага праезду для студэнтаў не зачыненая. Гарвыканкам разлічвае атрымаць меркаванне гараджан на гэты конт, у тым ліку і пенсіянераў, падкрэсліў Ігар Карпенка.

Нагадаем, дакладную пазіцыю аб неабходнасці льгот на праезд для моладзі захоўваюць беларускія прафсаюзы.

На думку спецыялістаў, льготы на праезд студэнтам трэба вярнуць абавязкова - інакш яны будуць ездзіць «зайцам».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках