Лукашэнка прызначыў Двігалева камандуючым ВПС і войскамі СПА
35- 10.09.2012, 16:29
Раней палкоўнік займаў пасаду начальніка Галоўнага штаба.
У панядзелак дыктатар падпісаў указ аб прызначэнні палкоўніка Алега Двігалева камандуючым Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл краіны, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, перадае «Інтэрфакс».
Раней Двігалеў займаў пасаду начальніка Галоўнага штаба - першага намесніка камандуючага ВПС і войскамі СПА Узброеных сіл.
Як паведамлялася, 31 ліпеня бягучага года Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыню Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Зміцера Пахмелкіна.
Адстаўкі беларускіх сілавікоў і папярэджанні службовым асобам былі зробленыя пасля таго, як на нарадзе 26 ліпеня прэзідэнт Беларусі пацвердзіў факт незаконнага ўварвання 4 ліпеня ў паветраную прастору Беларусі шведскага лёгкаматорнага самалёта.
4 ліпеня ў беларускіх СМІ з'явіліся паведамленні аб тым, што лёгкаматорны грамадзянскі самалёт, пілатуемы шведамі, перасёк з боку Літвы паветраную прастору Беларусі і раскідаў над Менскам і Івянцом (Менская вобласць) плюшавых мішак на парашутах, з заклікамі аб свабодзе слова ў краіне.