23 снежня 2024, панядзелак, 10:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дацэнта звольнілі за кнігу «Гродназнаўства»

46

Дацэнт Андрэй Чарнякевіч быў адным з аўтараў «апальнага» падручніка «Гродназнаўства».

Сёння гісторыку з Гродзенскага універсітэта паведамілі аб звальненні: папрасілі зайсці азнаёміцца з загадам рэктара і забраць працоўную кніжку, піша «Наша Нiва».

Афіцыйная фармулёўка - нібыта «неаднаразовыя спазненні на працу», за якія ў Андрэя Чарнякевіча нядаўна запатрабавалі тлумачэнні. Парадокс у тым, што як мінімум адно са спазненняў было абумоўлена... доўгай размовай з прадстаўніком КДБ як раз наконт падручніка «Гродназнаўства».

Яшчэ на мінулым тыдні пачала праходзіць інфармацыя, што том па гісторыі Гродна знік з кніжных крам горада, а таксама з бібліятэкі Гродзенскага універсітэта.

Па чутках, «чытачы ў цывільным» у апошні час наведвалі і іншых аўтараў падручніка. Прынцыповымі пытаннямі для сілавікоў былі наступныя.

1) Хто канкрэтна пісаў апошнія часткі кнігі, прысвечаныя набыццю Беларуссю незалежнасці? 2) Чаму падручнік сканчаецца 1991 годам і не паказаны цяперашні час? 3) Чаму быў абраны такі варыянт «канцэпцыі ілюстрацый» (на апошняй старонцы знойдзены бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»)?

Андрэй Чарнякевіч - кандыдат гістарычных навук. Ён аўтар дзесяткаў работ: ад артыкулаў да кніг.

«Гродназнаўства» у гэтым годзе было хітом беларускамоўных прадаж у Гродна, аднак, па чутках, выклікала лютасць улад з-за апошняй часткі або яе адсутнасці: гісторыя Гродна ў кнізе напісана да 1991 года, а паўстанне грамадзянскай супольнасці апісана падрабязна.

Журналісты звярнуліся ў «Гроднакнігу», дзе аб знікненні «Гродназнаўства» «нічога не чулі», аднак пры гэтым параілі звярнуцца ў менскую «Белкнігу».

«Усе ініцыятывы нам спускаюць адтуль, якую кнігу прадаваць, якую прыбраць з прылаўкаў. Мы толькі пасярэднікі», - растлумачылі ў прыёмнай дырэктара.

Што датычыцца «Белкнігі», то там пра сітуацыю з «Гродназнаўствам» таксама «нічога не чулі».

Па словах чытачоў кніга знікла і з навуковай бібліятэкі Гродзенскага універсітэта. Бібліятэкар універсітэта імкнулася даведацца, ад каго менавіта прайшла такая інфармацыя, а затым паведаміла, што кніга знаходзіцца ў чытальнай зале бібліятэкі. На пытанне, ці можна яе ўбачыць у вольным доступе, яна адказала, што «на дадзены момант не валодае сітуацыяй».

Сітуацыя з «Гродназнаўствам» - гэта трывожны сігнал для беларускай культуры і навукі.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках