У Беларусі зняволеных кормяць камбікормам для ската
98- 20.09.2012, 17:25
Камбікорм для буйна-рагатага ската зняволеным падкладаюць у супы і кашы
Згодна з артыкулам 94 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь асуджаныя павінны атрымліваць харчаванне, якое забяспечвае нармальную жыццядзейнасць арганізма.
Тым часам у лістах і званках, якія час ад часу паступаюць на «Радыё Свабода», зняволеныя паведамляюць пра абуральную сітуацыю з турэмным харчаваннем, нярэдка кажучы, што гэта «катаванне ежай».
У свой час крытыка няякаснай і непрыдатнай для чалавека турэмнай ежы, а таксама іншых турэмных парадкаў, павярнулася для палітвязня Мікалая Аўтуховіча пераводам з Івацэвіцкай калоніі ў больш жорсткія ўмовы Гродзенскай крытай турмы. У прыватнасці, асуджаны напісаў у мінулым годзе, што рыба, якую ядуць зняволеныя, абсалютна непрыдатная для харчавання, так як на скрынях з ёй стаіць адзнака «для кароткатэрміновага выкарыстання для пушных звяроў». Таксама палітвязень пісаў пра няякасныя і пратэрмінаваныя тавары, якімі гандлявалі ў прадуктовым ларку калоніі.
Цяпер чарговы сігнал з месца пазбаўлення волі. Адкрыцці зняволенага адной з беларускіх калоній:
«Гэтая этыкетка, якую я трымаю, знятая з мяшка, які трапіў у агульны прадуктовы кацёл сталовай нашай папраўчай калоніі 17 верасня 2012 года. Чытаю інфармацыю, размешчаную на этыкетцы:
«225406, Рэспубліка Беларусь, Брэсцкая вобласць, горад Баранавічы, вуліца 50 год БССР, 21 (гэта адрас адкрытага акцыянернага таварыства «Баранавічхлебапрадукт», якое вырабляе муку і камбікорм. - Рэд.). Камбікорм эканом-класа ЭК-К для буйна-рагатага ската ва ўласным хляве. Намінальная маса - 30 кг, нумар партыі - 013, тэрмін захоўвання - два месяцы. Склад: жыта, мел, соль, адходы першай катэгорыі, вотруб'е пшанічнае, ячмень, фасфат дефтарыраваны, прэміксы (змешаныя сухія кампаненты камбікорму для росту масы жывёлы. - Рэд.), ПКР (вітамінныя сумесі для буйна-рагатай жывёлы. - Рэд.) , зернесумесь, шрот сланечнікавы 35-38% (канцэнтраваны корм, другасны прадукт маслаэкстракцыйнай вытворчасці. - Рэд.). Выкарыстоўваць па прызначэнні».
Цікава, якой буйной рагатай скаціне прыйшла ў галаву ідэя скормліваць усё гэта нам?»
Галоўны асартымент адкрытага акцыянернага таварыства «Баранавічхлебапрадукт» - мука і камбікорм для жывёлы: кароў, свіней, сабак, котак, птушак. На сайце прадпрыемства размешчаны здымкі камбікармоў і іх рэклама. У прыватнасці, аб прадукце эканом-класа ЭК-К, які, па словах зняволенага, трапіў да іх у сталовую, вытворцы пішуць: «камбікорм-канцэнтрат эканом-класа для буйнога рагатага ската ўяўляе сабой узбагачаную мінеральнымі і біялагічнымі актыўнымі рэчывамі сумесь», якая «скормліваецца ў выглядзе вільготнай мяшанкі ў спалучэнні з сакавітымі кармамі».
Самі зняволеныя лічаць, што паказаную сумесь, хутчэй за ўсё, скормліваюць ім у супах і кашах. Магчыма, выкарыстоўваюць яе і пры выпечцы турэмнага хлеба, незразумела якога колеру і густу.
Праваабаронца з «Платформы» Алена Красоўская, медык па адукацыі, кажа, што сустракалася з рознымі скаргамі на якасць турэмнага харчавання, аднак падобныя рэчы «па-за ўсім»:
«Калі я ўсё гэта пачула, у мяне нават рукі задрыжалі. Зняволеных проста атручваюць. Узяць гэтыя розныя дадаткі - прэміксы. Усе яны накіраваны на тое, каб у жывёлы расла маса або павялічваліся надоі. Сюды ўваходзяць антыбіётыкі і гармоны, які, прабачце, забіваюць нашых мужыкоў, якія пасля турмы маюць самыя розныя праблемы са здароўем, у тым ліку мужчынскім. Да таго ж выклікае пытанне, ці ўсё пішуць на нашых этыкетках. Невядома, якой атруты туды яшчэ могуць пакласці. Пытанне, наколькі гэта наогул добра для жывёл, не кажучы ўжо пра людзей», - кажа Алена Красоўская.