Прычына самагубства журналісткі БелТА па-ранейшаму невядомая
12- 4.09.2012, 10:44
Следчыя накіравалі запыт ва Украіну, дзе адпачывала беларуская журналістка, якая пазней у Менску забіла двух сваіх дзяцей 2005-га і 2010 гадоў нараджэння і пакончыла з сабой.
«Накіраваны запыт ва Украіну, дзе ў Крыме перад самагубствам адпачывала беларуская журналістка. Неабходна высветліць, ці мела яна на адпачынку кантакты з прадстаўнікамі якой-небудзь секты», - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у аўторак ва ўпраўленні Следчага камітэта па Менску.
«Пакуль што мы адказу украінскага боку не атрымалі», - удакладнілі ва УСК.
Там таксама праінфармавалі, што да расследавання крымінальнай справы падключаныя псіхолагі, яны робяць экспертны аналіз інфармацыі, узятай з кампутара загінулай.
Раней паведамлялася, што старонка журналісткі ў адной з папулярных сацсетак запоўненая аўдыёзапісамі скайп-семінараў па барацьбе з фобіямі і неўрозамі.
Суразмоўцы агенцтва таксама праінфармавалі, што «следчыя пакуль не могуць знайсці відавочцаў таго, як жанчына здзейсніла самагубства разам з двума малалетнімі дзецьмі».
«Былі апытаныя жыхары квартала, дзе знаходзіцца дом жанчыны. Ніхто не бачыў, як гэта адбылося. Для псіхолагаў і псіхіятраў, якія працуюць па гэтай справе, важна, як паводзіла сябе жанчына ў момант самагубства», - адзначылі ва УСК.
Там патлумачылі, што «першапачаткова з'явілася інфармацыя аб тым, што жанчына спачатку выкінула з 9 паверху старэйшага дзіцяці, а потым з малодшым выкінулася сама».
Прадстаўнікі УСК па Менску адзначылі, што «следства вельмі зацікаўлена ўстанавіць і апытаць відавочцаў самагубства».
Ва УСК таксама паведамілі, што ў ходзе расследавання крымінальнай справы «не пацвердзілася версія аб тым, што ў жанчыны былі дрэнныя адносіны з мужам».
Як раней паведамляла агенцтва са спасылкай на УСК па Менску, 23 жніўня бягучага года беларуская журналістка - супрацоўніца БелТА - выкінулася з 9-га паверха жылога дома з двума малалетнімі дзецьмі, усе трое загінулі на месцы.
Следства называе асноўнай версіяй дадзенага інцыдэнту самагубства жанчыны. Па факце ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 КК Беларусі (забойства заведама малалетніх).