Выйшаў з дому - мільён штрафу
8- 7.09.2012, 12:20
Слуцкага актывіста Віталя Амяльковіча аштрафавалі нібыта «за налепкі».
На пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі ў Слуцкім райвыканкаме Віталя Амяльковіча прызналі вінаватым у расклейванні налепак у горадзе, паведамляе ПЦ «Вясна».
Справу разглядалі пяцёра членаў камісіі, сярод якіх былі Юрый Скрыган, галоўны юрыст райвыканкама, і Андрэй Заяц, намеснік начальніка аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку Слуцкага РАУС.
Нагадаем, Віталь Амяльковіч быў затрыманы міліцыянтамі каля свайго дома апоўначы 14 ліпеня. Супрацоўнік Слуцкага РАУС, які не прадставіўся, паведаміў, што бачыў, як Віталь расклейваў налепкі каля крамы. У аддзяленні міліцыі ўчастковы Руслан Варабей склаў на яго пратакол апытання з грубымі парушэннямі. У прыватнасці, не патлумачыў Амяльковічу яго правы.
Не былі растлумачаны правы грамадскаму актывісту і 19 чэрвеня падчас азнаямлення з адміністрацыйным пратаколам. Прызначаны на 27 ліпеня суд над Віталем Амяльковічам не адбыўся па невядомых яму прычынах.
У канцылярыі суда Слуцкага раёна яму нічога даведацца не ўдалося. Актывісту прапанавалі звярнуцца ў міліцыю і высветліць сітуацыю.
Спачатку Амяльковіча выклікалі на пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі.
Віталь распавёў камісіі падзеі ночы, калі яго затрымлівалі: «Міліцыянт чакаў мяне каля майго дома - на вялікай адлегласці ад месца, дзе невядомы прычапіў налепку. Было цёмна, і ён памыліўся, вырашыўшы, што гэта зрабіў я».
Нават на разглядзе справы адміністрацыйнай камісіяй Віталь не даведаўся імя міліцыянта, які яго затрымліваў. На пытанне актывіста, хто яго абвінавачвае, Андрэй Заяц адказаў: «Слуцкі РАУС». - «Няўжо ўсе 200 з лішнім міліцыянтаў?» - здзівіўся Віталь Амяльковіч.
Гучалі на камісіі і фразы тыпу «Мы вас даўно ведаем. Ведаем, чым вы займаецеся і каго прадстаўляеце. Вас уся міліцыя слуцкая ведае».
На словы Амяльковіча, што ён хацеў бы бачыць на пасяджэнні міліцыянта, які яго затрымліваў, і задаць яму пытанне, актывісту прапанавалі напісаць скаргу ў РАУС.
Да грубых парушэнняў пры складанні пратаколу і азнаямлення з ім Амяльковіча на пасяджэнні выявілася яшчэ адно. Абвінавачванне грамадскаму актывісту было перакваліфікавана без яго ўдзелу: з артыкула 21.14 ч.2 КаАП на 21.14 ч.1 «парушэнне правілаў упарадкавання населеных пунктаў».
Члены камісіі прагаласавалі за тое, каб пакараць Амяльковіча штрафам - 10 базавых велічынь (мільён рублёў). Устрымаўся толькі Юрый Скрыган - галоўны юрыст райвыканкама. Ён адзначыў, што згодны з рашэннем камісіі, а ўстрымацца вырашыў, каб потым у прэсе гэта не звязалі з «выбарамі».
Нагадаем, Юрый Скрыган з'яўляецца сакратаром Слуцкай акруговай выбарчай камісіі. Віталь Амяльковіч зарэгістраваны ў камісіі назіральнікам ад БХК.
«Я зразумеў, што гэтая камісія - не суд. Гэта орган, які ставіць цябе перад фактам, што ты вінаваты», - рэзюмаваў Віталь.