25 красавiка 2024, Чацвер, 10:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Французы шакаваныя: Абелікс, падобна, загуляўся

63
Французы шакаваныя: Абелікс, падобна, загуляўся

Да гэтага часу Францыя любіла Дэпардзье - гэтага абаяльнага п'янюгу, сучаснае ўвасабленне Гарганцюа, але цяпер ён «зрабіў французаў пасмешышчам».

Як пішуць СМІ, трэба было абмежавацца «першым актам - хаткай у Бельгіі». Можа быць, ён перажывае асобасны крызіс? Пасля бліц-візіту новаспечанага грамадзяніна Расеі ў Мардовію можна з упэўненасцю сказаць: Пуціну ўдалося «перайграць» і Дэпардзье, і Брыжіт Бардо.

Балаган з прадастаўленнем расейскага грамадзянства Жэрару Дэпардзье закліканы, у ліку іншага, адцягнуць увагу грамадства ад спрэчнага закона, які забараняе амерыканскім грамадзянам усынаўляць расейскіх сірот, піша Мары Жэго, пастаянны аўтар Le Monde.

Выдача расейскага пашпарта акцёру Дэпардзье, які шукае падатковы прытулак, стала «дзіўным сігналам», перадае журналістка меркаванне Леаніда Млечына. «Атрымліваецца, што пашпарт атрымлівае той, хто ўхіляецца ад выплаты падаткаў. У нас у краіне аднаго чалавека за гэта ўтрамбавалі гадоў на 14, па-мойму, у далёкія краі, як раз абвінаваціўшы яго ў нявыплаце падаткаў (я маю на ўвазе Хадаркоўскага)», - сказаў Млечын.

У той жа час у вачах прыхільнікаў Пуціна гэта знак, які паказвае, што «Расея ў большай ступені стабільная і прадказальная, чым Еўропа», лічыць рэктар Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы Уладзімір Маў.

Спецыяліст па французскай гісторыі Роберт Зарэцкі (Х'юстанскі ўніверсітэт, ЗША) каментуе ўчынак Дэпардзье на старонках The New York Times. Французскія знакамітасці ўжо некалькі стагоддзяў наведваюць Расею, нагадвае ён. «Расея выкарыстоўвае іх, каб самасцвярджацца ў якасці аднаго з цэнтраў еўрапейскай культуры, а таксама каб абразіць заходнія краіны. Расея заўсёды мела патрэбу ў сваіх Дэпардзье не менш моцна, чым яны мелі патрэбу ў Расеі», - гаворыцца ў артыкуле.

Так, Дэні Дзідро паехаў у Расею па прычынах, якія не гэтак ужо адрозніваюцца ад прычын Дэпардзье, распавядае гісторык. Так, Кацярына Вялікая вельмі хацела з ім сустрэцца, але былі і чыста жыццёвыя прычыны: Дзідро згалеў. Кацярына аказала яму фінансавую дапамогу і хвалілася сяброўствам з ім, але да парад Дзідро наконт дзяржаўнага кіравання не прыслухоўвалася.

І ўсё ж у Расеі пачалася цывілізатарская місія Францыі - яе прасоўвала хваля знакамітасцяў-эмігрантаў, уцекачоў ад рэвалюцыі, гаворыцца далей. Нямногія краіны былі гэтак жа бяспечныя для французскіх арыстакратаў, як рэакцыйная Расея. Пасля рэвалюцыі 1917 года ў Расею сталі прыязджаць французскія інтэлектуалы і людзі мастацтва, «якія дзівіліся таму, што ім хацелася бачыць», гаворыцца ў артыкуле. Напрыклад, Луі Арагон у вершах заклікаў імем Леніна перабіць палітычных лідэраў Францыі.

«Расея - экран, на які Францыя праецыруе свае ідэалагічныя мары або эксцэнтрычныя фантазіі. Той факт, што гэтыя мары аказваюцца кашмарам для тых, хто ў іх жыве па-сапраўднаму, - вядома, дробязь у вачах расейскіх лідэраў», - заключае Зарэцкі.

Францыя любіла Дэпардзье - гэтага абаяльнага п'янюгу, сучаснае ўвасабленне Гарганцюа, піша журналіст The Times Адам Сэйдж. «Умелы пацешыць, паэтычны, дурнаваты,, парадаксальны, таленавіты, чароўны, сквапны - такім жадае быць кожны французскі мужчына», - тлумачыць ён.

Але на днях Дэпардзье апынуўся ў цэнтры канфлікту, які дазволіў Пуціну зладзіць яркую піяр-акцыю і паставіць Аланда ў зневажальнае становішча. Французы не даруюць, што Дэпардзье зрабіў іх пасмешышчам, мяркуе аўтар. Сацыёлаг Ален Турэн палічыў, што Дэпардзье перажывае глыбокі крызіс: «Калі ў бліжэйшыя 7 дзён мы даведаемся, што ён скончыў з сабой, я не здзіўлюся».

Аўтар нагадвае перадгісторыю: Дэпардзье заявіў, што паедзе ў Бельгію, каб не плаціць каласальныя падаткі. Французскія міністры разгарнулі кампанію супраць «падатковых эмігрантаў», і прэм'ер-міністр назваў Дэпардзье «вартым жалю». Акцёр страшна абразіўся: многія іншыя зоркі - Делон, Азнавур, Холідэй - спакойна жывуць за мяжой з падатковых меркаванняў. У гэтай абстаноўцы Дэпардзье публічна заявіў аб адмове ад французскага грамадзянства, хоць наўрад ці меў намер ажыццявіць сваю задуму. Але Масква прапанавала расейскі пашпарт, і Дэпардзье «вырашыў дагуляць ролю абуранага да канца», кажа яго сябар.

Дэпардзье наогул натура загадкавая, заўважае аўтар. Часам ён паводзіць сябе дзівацка, можа грубіяніць журналістам, пры гэтым ён хваліцца, што можа выпіць 5 бутэлек віна ў дзень. У мастацтве ён працаголік - зняўся прыкладна ў 170 фільмах. У яго немаленькая бізнес-імперыя: тры рэстарана, бар, рыбная крама, вінаграднік у даліне Луары. «Гэта неяк залішне, але такі ўжо Дэпардзье, і ў вачах французаў надмернасць - частка яго харызмы», - гаворыцца ў артыкуле.

«Абурэнне павышэннем падаткаў пры Аландзе было, мабыць, лепшай роляй у яго жыцці, - сказаў рэжысёр Філіп Лабро. - Першы акт - хатка ў Бельгіі - ён згуляў з вялікім поспехам. Але другі акт ён заваліў».

Аўтар артыкула нагадвае, што Гіём Дэпардзье, нябожчык сын акцёра, казаў: «Яго жыццё - адзін суцэльны падман. Ён хлусіць нават свайму псіхааналітыку».

Пераезд Жэрара Дэпардзье ў Бельгію, яго дыфірамбы Пуціну і паездка ў Мардовію, вядомую сваімі лагерамі, - правакацыя, падобная на самагубства, заявіў у інтэрв'ю Le Monde былы агент акцёра Жан-Луі Ліві. У той жа час ён заклікаў не забываць, што Дэпардзье - «глыбока інтэлігентны чалавек». «Таму, калі я бачу, як ён абдымаецца з мардоўскім губернатарам або красуецца з Пуціным, я кажу сабе, што, павінна быць, ён у разладзе з сабой, раз займаецца такім самабічаваннем», - сказаў Ліві.

Што тычыцца крытычных заўваг Дэпардзье ў адрас Францыі, Ліві адзначыў, што ў Францыі не разумеюць і не прымаюць усё тое, што выходзіць за рамкі, а «Дэпардзье ва ўсім выходзіць за рамкі». «Правакуючы, ён спрабуе зразумець, ці сапраўды яго любяць», - лічыць Ліві. Ён таксама заўважыў, што акцёр не тое каб прагны да грошай - ён любіць іх зарабляць.

Цяпер, пасля бліц-візіту новаспечанага грамадзяніна Расеі Жэрара Дэпардзье на новую радзіму, можна з упэўненасцю сказаць: прэзідэнту Пуціну ўдалося «перайграць» зорку французскага кінематографа, а заадно і Брыжіт Бардо, піша аглядальнік Frankfurter Allgemeine. Наўрад ці для адцягнення ўвагі грамадскасці ад «закона Дзімы Якаўлева», які падняў вялікі шум, можна было прыдумаць нешта лепшае. «Толькі ўявіце - цудоўнае з'яўленне вядомага «сябра» Пуціна ў Расеі перад самым Калядамі».

А тут яшчэ Брыжіт Бардо з яе пратэстам супраць усыплення сланоў з заапарка, хворых на сухоты. На падставе таго факту, што Пуцін заўсёды ішоў ёй насустрач, «экс-багіня кінематографа», як называе яе аўтар, заявіла, што расейскі лідэр зрабіў для прыроды больш, чым усе прэзідэнты Францыі разам узятыя. «Магія палітычнага альфа-самца Пуціна затуманіла позірк францужанкі», - заўважае аўтар публікацыі.

Вядомы ў мінулым румынскі тэнісіст Іліе Настасе раскрытыкаваў Румынію за падаткі і заявіў, што ўхваляе рашэнне Жэрара Дэпардзье, паведамляе El Mundo у артыкуле, падрыхтаваным агенцтвам EFE. «У Румыніі больш за ўсё падаткаў і яны самыя высокія. Нават у часы дыктатара [Чаўшэску] я не адчуваў спакусы з'ехаць у іншую краіну. А цяпер такое жаданне з'явілася», - заявіў спартсмен.

Пераклад: Inopressa.ru

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках