ЕЗ уводзіць адзінае пасведчанне кіроўцы
13- 19.01.2013, 10:00
З 19 студзеня ўводзіцца адзіны для ўсяго Еўразвязу ўзор дакумента на права кіравання аўтамабілем.
Ён уяўляе сабой пластыкавую карту з інфармацыяй, якую паліцыянтам у розных краінах лёгка можна чытаць візуальна і счытваць асаблівым прыборам, паведамляе «Евроньюс».
110 тыпаў папяровых пасведчанняў кіроўцы прыпыняць сваё дзеянне ў ЕЗ цягам 20 год.
Еўракамісар транспарту прызнаў, што ўніфікацыя ліцэнзій ужо зацягнулася.
«Пастанова аб гэтым заснаваная на дырэктыве 2006 года, - сказаў Сім Калас. - Але ў Еўропе ўсё патрабуе часу, так што гэта не сюрпрыз».
Агульнаеўрапейскія пасведчанні трэба абменьваць кожныя дзесяць год, пры гэтым экзамен на веданне дарожных правіл пераздаваць не трэба . Кіроўцам аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў давядзецца фатаграфавацца на дакумент кожныя пяць год.
Пасведчанні будуць па-ранейшаму выдавацца нацыянальнымі ўладамі, а штрафныя балы, напрыклад, за перавышэнне хуткасці, будуць дзейныя толькі ў той краіне Еўразвязу, дзе яны былі атрыманыя.