Улады ігнаруюць графіці са свастыкай ў Салігорску
41- 21.01.2013, 9:42
У цэнтры Салігорска ўжо некалькі месяцаў можна назіраць намаляваныя невядомымі графіці са свастыкай.
Такія знакі намаляваныя на плоце, якім абгароджаная тэрыторыя УПП «Ніва», па вуліцах Багамолава і Кастрычніцкай, а таксама - на пад'ездах дамоў, паведамляе ПЦ "Вясна".
Салігорскі сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малачко зрабіў некалькі фотаздымкаў гэтых малюнкаў і падзяліўся сваім меркаваннем адносна іх існавання на працягу такога доўгага тэрміну.
«З сярэдзіны мінулага стагоддзя амаль па ўсім свеце свастыка зстойліва асацыюецца з нацызмам. У многіх еўрапейскіх краінах гэты знак наўпрост забаронены. Для нашай краіны тэма другой сусветнай вайны, тэма нацызму і ўсіх тых ахвяраў, якія ад яго пацярпелі, з'яўляецца адной з найбольш балючых і важкіх нават на афіцыйным узроўні, - кажа Віктар Малачко. - Але хацелася б спытаць, колькі часу знаходзіўся бы намаляваны там жа бел-чырвона-белы сцяг ці надпіс «Жыве Беларусь»? І колькі б штрафу «адмерыў» наш суд, калі б каго-небудзь злавілі за маляваннем беларускіх нацыянальных сімвалаў? А свастыка месяцамі красуецца і нікога з уладаў не турбуе».
Актывіст спадзяецца, што публікацыя здымкаў з гэтымі сімваламі зверне ўвагу мясцовых уладаў на дадзеную праблему і ў хуткім часе яны знікнуць з дамоў і платоў Салігорску.