Пуцін і Дэпардзьё сустрэліся ў Сочы
125- 6.01.2013, 10:34
Французскі актор прыляцеў на сустрэчу з расейскім прэзідэнтам чартэрным рэйсам.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што «з нагоды знаходжання Дэпардзьё ў РФ яму быў перададзены расейскі пашпарт», праўда, засталося незразумелым, ці атрымаў актор дакумент з рук прэзідэнта, піша NEWSru.com.
Напярэдадні меркавалася, што на гэтай сустрэчы новы расеец зможа атрымаць пашпарт з рук прэзідэнта, аднак у кадры гэтага не адбылося. У выданні навін расейскага «Першага канала» былі паказаныя першыя сэкунды сустрэчы: Уладзімір Пуцін і Жэрар Дэпардзьё абняліся і цёпла павіталіся.
Са слоў Пяскова, на сустрэчы абмяркоўваліся творчыя планы Дэпардзьё, шэраг пытанняў, звязаных з выхадам у перспектыве ў расейскі пракат мастацкага фільма пра Рыгора Распуціна, у якім Дэпардзьё сыграў галоўную ролю.
Прэзідэнт Расеі 3 студзеня падпісаў указ аб прыйманні Дэпардзьё ў грамадзянства РФ. У прэсе гэта выклікала неадназначную рэакцыю: напрыклад, брытанскія газеты не ўтрымаліся ад кепікаў на адрас «грамадзяніна Дэпардзьёўскага».
Французскі актор наважыў пакінуць радзіму пасля таго, як яму стаў пагражаць 75% падатак для мільянераў, які ўводзіцца там з 2013 года. Дэпардзьё наважыўся на пераезд у суседнюю Бельгію, дзе падатак складае толькі 50%. Прэм'ер-міністр Францыі Жан-Марк Эро назваў гэты ўчынак «даволі нікчэмным», і Дэпардзьё ў адказ напісаў яму гняўлівы ліст.
Неўзабаве актор абмовіўся, што Уладзімір Пуцін нібыта «ўжо даслаў» яму расейскі пашпарт.
Пасля Дэпардзьё аб планах адмовіцца ад французскага грамадзянства і змяніць яго на расейскае заявіла і Брыджыт Бардо. Вядомая сваёй барацьбой за правы жывёлы акторка паведаміла, што не здолее жыць у Францыі, калі там усыпяць двух хворых сланоў.