Фанаты «Дай Дарогу!» сабралі брэсцкай чыноўніцы мільён на «гонар»
28- 8.01.2013, 13:49
Менш за тыдзень спатрэбілася, каб сабраць музыкам мільён рублёў для выплаты кампенсацыі начальніку аддзела па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама Таццяне Барышчык.
Нагадаем, кіраўнік аддзела па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама падала ў суд на музыкаў пасля скандалу, які разгарэўся падчас забароны некалькіх канцэртаў гурта. Суд Ленінскага раёна Брэста вынес прысуд: лідэр групы Юрый Стыльскі вінаваты ў «абразе» Таццяны Барышчык і павінен выплаціць ёй грашовую кампенсацыю ў памеры 10 базавых велічынь.
Як паведамляе «Еўрарадыё», у акцыі салідарнасці - зборы сродкаў для выплаты кампенсацыі - прынялі ўдзел каля 30 чалавек. Рэкорд сярод плацяжоў на рахунак групы - 250 тысяч рублёў ад аднаго з неабыякавых прыхільнікаў.
Па словах лідэра брэсцкіх панк-рокераў Юрыя Стыльскага, музыкі не спыняцца на віртуальных падзяках за праяўленую салідарнасць:
«Хочам зрабіць акустыку. Цяпер рыхтуем новую праграму з яшчэ адным гітарыстам. Пачнем з Брэста, калі атрымаецца, то далей - на Менск... »
Як таксама адзначыў Стыльскі, ужо ў гэтым месяцы «выйдзе сур'ёзнае відэа» - доўгачаканы канцэртны DVD «Дай Дарогу!».