Ключ да вызвалення палітвязняў - тры фірмы алігарха Чыжа
53- 1.10.2013, 7:56
- 78,162
ЕЗ можа лёгка дамагчыся вызвалення беларускіх палітвязняў.
Для гэтага неабходна ўнесці ў спіс фірм, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, ключавыя кампаніі, якія забяспечваюць паступленне фінансавых сродкаў рэжыму. Гаворка ідзе пра «Трайплэнерга», «Неанафту» і «Белнафтагаз» алігарха Юрыя Чыжа. Менавіта яны былі выключаныя са спісу фірмаў, якія трапілі ў 2012 годзе ў «чорны спіс» ЕЗ.
Пра гэта ішла размова на пасяджэнні Рабочай групы на тэму «Уплыў эканамічнай сітуацыі ў Беларусі на правы чалавека», якое адбылося ў рамках канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве. У ім прынялі ўдзел беларускія і расейскія праваабаронцы, актывісты апазіцыі, эканамісты і палітолагі. З дакладамі выступілі прадстаўнікі Рабочай групы па інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Юрый Джыбладзэ і Вольга Захарава, а таксама вядомы беларускі навуковец і кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў.
Большасць удзельнікаў дыскусіі пагадзіліся з тым, што беларускі рэжым сёння адчувае велізарныя складанасці. У першую чаргу, гэта датычыцца эканомікі. Леанід Злотнікаў параўнаў рост ВУП краіны і заработную плату яе грамадзян і правёў паралелі з крызісам, які распачаўся ў 2011 годзе.
«Тэмпы росту прадукцыйнасці працы за апошні год былі ніжэй за тэмпы росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва. Што гэта значыць? Краіна спажывае больш, чым стварае. У гэтым годзе рэальныя грашовыя даходы выраслі на 21 адсотак. Гэта здаецца вар'яцтвам ў маштабах краіны», - сказаў ён.
Эканаміст падкрэсліў, што для падтрымання такой палітыкі беларускім уладам «вельмі неабходныя» новыя знешнія пазыкі. Калі яны не будуць атрыманыя, то краіне пагражае паўтарэнне крызісу 2011 года. Менавіта гэтым, на яго думку тлумачацца спробы афіцыйнага Менску наладзіць «дыялог» з Еўропай.
Вольга Захарава пагадзілася з Леанідам Злотнікавым і адзначыла, што на гэты раз Крэмль не будзе даваць грошы Лукашэнку ўзамен на пустыя абяцанні. У сувязі з гэтым, на яе думку, у ЕЗ застаецца моцны інструмент для ціску на беларускі рэжым. Яна нагадала, што менавіта мэтавыя эканамічныя санкцыі паўплывалі на вызваленне часткі палітычных зняволеных, якія трапілі ў турмы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2012 года.
«Адразу пасля ўвядзення ў сакавіку мінулага года абмежавальных мер супраць шэрагу асоб і прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць існаванне рэжыму былі вызваленыя двое палітычных зняволеных - Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка. Аднак потым працэс спыніўся», - адзначыла яна.
Вольга Захарава распавяла і пра прычыны гэтага. Яна звярнула ўвагу на тое, што эканамічныя санкцыі былі ўведзеныя не ў той меры, як планавалася першапачаткова, і гэта дазволіла рэжыму выжыць, дзякуючы гандлю з ЕЗ.
«Цяпер у спісе Еўрапейскага Звяза тры беларускіх бізнесмена - Уладзімір Пефціеў, Юрый Чыж і Анатоль Цярнаўскі. Аднак паўстала пэўная праблема. Тры самых галоўных кампаніі, якія працуюць на экспарт нафтапрадуктаў, у гэты спіс не трапілі. Менавіта гэтыя фірмы Юрыя Чыжа гулялі найбольш істотную ролю ў рэалізацыі схемы «растваральнікаў». Калі мы паглядзім, куды менавіта экспартаваліся нафтапрадукты, то ўбачым, што большасць з іх ішла ў Латвію. У сухім астатку, менавіта Латвія і Славенія сталі тымі краінамі, якія пралабіравалі выключэнне гэтых кампаній з санкцыйнага спісу ЕЗ. Па розных ацэнках, гэты недагляд прынес Лукашэнку ад двух да трох мільярдаў даляраў. Больш за тое, у выніку актыўнага гандлю з ЕЗ у мінулым годзе рэжым зарабіў больш за 8 мільярдаў даляраў.
Таму нельга казаць, што санкцыі не працуюць, таму што ў дадзеным выпадку іх можна параўнаць з лекамі, якія, замест ўжывання, проста паклалі побач са шклянкай вады», - сказала Вольга Захарава.
Праваабаронца адзначыла, што ў выпадку новага эканамічнага крызісу, пра магчымасьць якога казаў Леанід Злотнікаў, Расея ўжо не будзе ратаваць Лукашэнку.
«Эканоміка Беларусі вельмі ўразлівая і залежыць ад знешніх уліванняў. Таму перад кіраўніком краіны стаяць пэўныя задачы. Тыя гандлёвыя войны, якія былі паміж Расеяй і Беларуссю, добра паказваюць, што паміж імі няма ніякага братняга ўзаемаразумення, а ёсць толькі складаныя адносіны. Проста так ніхто ратаваць адзін аднаго не стане. Ніякіх выратавальных колаў больш не будзе», - заявіла яна.
Юрый Джыбладзэ адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася ў лепшы бок.
«Палітвязні - як мінімум дзесяць чалавек - на дадзены момант працягваюць знаходзіцца ў турмах. Яны падвяргаюцца жорсткаму ціску, пазбаўляюцца спатканняў, перадач, пасылак, медыцынскага абслугоўвання. Больш за сорак чалавек, якія былі вызваленыя раней і атрымалі ўмоўныя тэрміны, сур'ёзна абмежаваныя ў сваіх грамадзянскіх і палітычных правах. З іх каля 25 маюць непагашаныя судзімасці і, адпаведна, яшчэ больш абмежаваныя ў правах. Яны вымушаныя адзначацца пад наглядам міліцыі, і гэта зусім не гарантуе, што яны зноў не трапяць у зняволенне. Ёсць зусім свежыя прыклады. У гэтым годзе вызваліліся раней палітзняволеныя - альбо памілаваныя, альбо, якія выйшлі пасля заканчэння тэрміну, - Васіль Парфянкоў і Уладзімір Яроменак зноў затрыманыя. Акрамя таго, у Беларусі з'явіліся новыя вязні - Андрэй Гайдукоў і каталіцкі святар Уладзіслаў Лазар.
Ні адно з патрабаванняў міжнароднай супольнасці, якія ўтрымліваюцца ў рэзалюцыях Рады па правах чалавека ААН, у дакладах АБСЕ і спецдакладчыка ААН па Беларусі, не выканана. Фактычна, Менск поўнасцю ігнаруе іх. Улады краіны не супрацоўнічаюць са спецдакладчыкам, не пускаюць яго ў Беларусь і наогул адмаўляюцца прызнаваць яго мандат.
Цалкам відавочна, што рэжым адкрыта ігнаруе рэзалюцыі і заявы міжнародных арганізацый. Мы перакананыя ў тым, што ў гэтай сітуацыі, улічваючы палітычныя асаблівасці рэжыму Лукашэнкі, адзіным эфектыўным рычагом уздзеяння на яго з мэтай спынення рэпрэсій, вызвалення палітвязняў і пачатку сістэмных змен у краіне з'яўляецца эканамічны рычаг», - сказаў ён.
Юрый Джыбладзэ таксама адзначыў, што беларускі рэжым абышоў санкцыі дзякуючы таму, што пад іх не патрапілі названыя вышэй кампаніі-нафтатрэйдары. Ён пералічыў меры, якія дапамогуць хуткаму вызваленню і рэабілітацыі палітычных вязняў.
«На наш погляд, трэба, як мінімум, зрабіць простую і відавочную рэч - забяспечыць эфектыўнасць санкцый, а гэта значыць закрыць тую дзірку, якая была дапушчаная дзякуючы лабістам у асобе Латвіі і Славеніі. Тры канкрэтныя нафтатрэйдавыя кампаніі, якія належаць Юрыю Чыжу, павінны вярнуцца ў «чорны спіс». Павінна быць таксама пазначаная выразная пагроза пашырэння існуючых санкцый, дадання ў спіс яшчэ шэрагу прадпрыемстваў-пратэжэ рэжыму і іншых вядомых алігархаў, якія блізкія да рэжыму і забяспечваюць яго рэсурсамі.
Не менш важна яшчэ раз выразна пазначыць патрабаванні, таму што інакш Лукашэнка і надалей будзе імітаваць «дыялог», і ў выніку паўторыцца сённяшняя сітуацыя аж да 2015 года. Патрабаванні - гэта вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, а таксама пачатак сістэмных зменаў у галіне вяршэнства права і правоў чалавека. Пры гэтым нельга адразу адмяняць санкцыі пасля вызвалення палітвязняў, гэта толькі першы крок з боку рэжыму. Яшчэ раз паўтару: Лукашэнка цяпер рэальна ў цяжкім становішчы і гатовы ісці на саступкі, калі Захад праявіць выразную пазіцыю і палітычную волю», - заявіў Юрый Джыбладзэ.