Ігар Аліневіч: Узаемадапамога - галоўнае дасягненне пасля 2010 года
3- 13.10.2013, 10:27
- 9,994
Палітвязень даслаў першы ліст пасля свайго дня нараджэння.
Вядома, што калі Ігару Аліневічу споўнілася 30 гадоў, яго пакаралі карцэрам нібыта за няяўку на вучобу. Маці палітвязня Валянціна Аліневіч, прачытаўшы апошні ліст сына, мяркуе, што ён паспеў напісаць ліст яшчэ да таго, як яго адправілі ў карцэр. З яго Валянціна Аліневіч робіць выснову, што Ігар сустракаў свой дзень нараджэння з аптымізмам і нават з гумарам. Таксама маці адзначае, што ён думаў не толькі пра сябе, але і пра іншых палітвязняў, у прыватнасці пра актывіста Аляксандра Малчанава, які пасля выхаду з калоніі апынуўся ў цяжкай сітуацыі, але не застаўся без падтрымкі сяброў і аднадумцаў, перадае «Радыё Свабода».
«Сапраўдны патэнцыял чалавека мабілізуецца толькі ў экстрэмальных умовах. Кожнаму карысна пажыць «на прыродзе». Вось з такімі думкамі сустракаю новыя перспектывы. А за Малчанава я рады ў тым плане, што ў бядзе яму адразу дапамаглі. Такая узаемадапамога - галоўнае дасягненне грамадства ва ўсёй гісторыі з 2010 года. У выніку падтрымка і салідарнасць аказваюцца найлепшым пацвярджэннем праўды і сілы нашай справы. У вачах многіх людзей гэта вельмі моцныя аргументы. Таму што цяпер у час размежавання і тугі мала што здольнае аб'яднаць і напоўніць аптымізмам», - цытуе яна ліст сына.
Нагадаем, Ігар Аліневіч быў асуджаны на 8 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў нападзе на афіцыйныя будынкі. У судзе сваёй віны не прызнаў. Трымаюць палітвязня ў Наваполацкай калоніі, якая лічыцца адной з горшых па экалагічных умоў.