2 траўня 2024, Чацвер, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багінская гатовая трэніраваць беларускіх гімнастаў у ЗША

11
Багінская гатовая трэніраваць беларускіх гімнастаў у ЗША

Са слоў алімпійскай чэмпіёнкі, цяпер у беларускай спартыўнай гімнастыцы назіраюцца крызісныя з'явы.

Славутая беларуская гімнастка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка ў спартыўнай гімнастыцы Святлана Багінская, 15 гадоў жыве ў ЗША, выказала гатоўнасць прымаць за акіянам юныя беларускія таленты ў міжнародным трэнінгавым лагеры, размешчаным недалёка ад Нью-Ёрка. Пра гэта яна распавяла сёння на сустрэчы са спецыялістамі і журналістамі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі, паведамляе БелТА.

Мерапрыемства было прысвечанае 25-годдзю Алімпійскіх гульняў 1988 года ў Сеуле (Рэспубліка Карэя), дзе ўраджэнка Беларусі ў складзе зборнай СССР здабыла два залатыя медалі (у камандным першынстве і ў апорным скачку), адно срэбра (у вольных практыкаваннях) і бронзу (у шматборстве).

Пасля сеульскіх Гульняў Святлана Багінская ў складзе аб'яднанай каманды СНД выступала на Алімпіядзе-1992 у Барселоне і здабыла золата ў камандным першынстве. Затым спартоўка жыла і трэніравалася ў ЗША. На Алімпіядзе-1996 у Атланце яна была ў зборнай Беларусі, якая ўпершыню на летніх Гульнях выступала як каманда суверэннай краіны. Пасля сканчэння актыўнай кар'еры Багінская абрала для сябе трэнерскі шлях, які стаў яе бізнэсам у ЗША.

«Кампанія, якую я цяпер прадстаўляю, - гэта Міжнародны гімнастычны лагер. Лагер размешчаны недалёка ад Нью-Ёрка ў паўтары гадзінах язды на аўтамабілі. Мясцовасць знаходзіцца ў гарах, вакол лес. Там размешчаныя тры вялікіх залы, прычым кожная з іх прыстасаваная для аднаго тыпу - для практыкаванняў на бервяне, для апорнага скачка, для практыкаванняў на брусах. Ёсць, праўда, яшчэ і чацвёртая зала, але для харэаграфіі і танцаў. Прапускная здольнасць гэтага спортзбудавання - 400 дзяцей у тыдзень. Удзел аднаго юнага гімнаста ў гэтым трэніровачным лагеры каштуе даволі дорага - $1 тысяча ў тыдзень з аднаго чалавека. У гэтую суму ўваходзіць пражыванне, харчаванне. у жылых пакоях комплексу ёсць ацяпленне, кандыцыянер, санвузел. Думаю, што, калі я выступлю ініцыятарам запрашэння сюды каманды з Беларусі, упэўненая, што атрымаю дазвол праводзіць заняткі бясплатна. Кандыдатам на ўдзел у зборы трэба будзе знайсці грошы на квіткі і атрыманне ўязной візы», - распавяла Святлана Багінская аб перспектыўнай магчымасці для юных беларускіх спартоўцаў.

Персанальны бізнэс Святланы Багінскай не занадта адрозніваецца ад яе працы ў міжнародным лагеры. Даючы рэкламу ў нацыянальным часопісе ЗША аб гімнастыцы, яна запрашае ў розных штатах на трэніроўкі ўсіх ахвотных. З канца траўня да канца жніўня, у той час пакуль дзеці (ад 6 да 18 гадоў) не наведваюць агульнаадукацыйныя школы, Багінская арандуе ў розных гарадах цалкам абсталяваныя залы і праводзіць заняткі. Практычна заўсёды іх наведваюць алімпійскія чэмпіёнкі ў спартыўнай гімнастыцы, якія выступалі пад сцягам ЗША. Яны служаць відавочным прыкладам маладому пакаленню. Акрамя таго, пры магчымасці да Багінскай далучаюцца знакамітыя трэнеры, з якімі ёй выпадае дамовіцца аб супольнай працы. Напрыклад, сярод іх Аляксандр Аляксандраў - трэнер алімпійскай чэмпіёнкі Аліі Мустафінай ды іншыя спецыялісты. «У тыдзень магчыма якасна папрацаваць з 80-100 юнымі гімнастамі, - распавяла алімпійская чэмпіёнка. - У сярэднім адзін трэнер прыпадае на 8 вучняў. Падчас гэтых жа збораў магчымыя і дадатковыя прыватныя ўрокі з зоркамі сусветнай гімнастыкі».

Са слоў Святланы Багінскай, яна валодае інфармацыяй, што цяпер у беларускай спартыўнай гімнастыцы назіраюцца крызісныя з'явы, якія асабліва характэрныя для жаночай часткі гэтага віду спорту. Знакамітая беларуска выказала жаданне абмеркаваць праблемы і паспрабаваць намацаць шляхі іх магчымага развязання разам з галоўным трэнерам жаночай нацыянальнай каманды Беларусі і намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі (БАГ) Антанінай Кошаль.

Пра сябе Багінская распавяла, што ў ЗША ў яе сям'я, у якой выхоўваюцца двое дзяцей, а муж заняты ў рэстаранным бізнэсе. Яе 15-гадовая адсутнасць у Беларусі збольшага звязаная і з падвышанай адказнасцю перад блізкімі. Доўгі час спартоўка не карысталася авіятранспартам і толькі некалькі гадоў таму зноў стала лётаць самалётамі, да чаго змушае праца за акіянам. У Менску цяпер яна наведала сваякоў.

Падчас сустрэчы ў НАК Святлана Багінская перадала ў дар для Залы алімпійскай славы адзін са сваіх кубкаў, здабытых на чэмпіянаце Еўропы 1990 года, а таксама вымпел, які яна атрымала як лепшая спартоўка СССР у 1989 годзе.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках