Адвакаты абскардзілі завочны арышт Баўмгертнера ў Расеі
3- 30.10.2013, 16:36
- 14,996
Адвакаты кіраўніка «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера абскардзілі рашэнне Басманнага суда Масквы аб завочным арышце бізнесмена.
«Рашэнне абскарджваецца ў апеляцыйным парадку. Адпаведны матэрыял будзе разгледжаны Масгарсудом 6 лістапада», - паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе Басманнага суда Масквы.
Баўмгертнер быў затрыманы 26 жніўня ў Менску. Следчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачанне па частцы 3 артыкула 424 (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі) КК РБ.
Следчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеянні Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў «Беларускай калійнай кампаніі» нанеслі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў $100 млн.
Затрыманне Баўмгертнера выклікала негатыўную рэакцыю расейскага боку. Менск заклікаў не звязваць узбуджэнне крымінальнай справы супраць Баўмгертнера з палітыкай і не прымешваць да гэтага пытання эмоцыі.
26 верасня Баўмгертнер быў пераведзены з СІЗА КДБ Беларусі пад хатні арышт, у цяперашні час ён знаходзіцца ў адной з кватэр Менска.
У пачатку кастрычніка беларускія следчыя органы ўдакладнілі абвінавачванне Баўмгертнеру. «На падставе атрыманых следствам дадатковых дадзеных, узнікнення новых абставінаў Баўмгертнеру і іншым фігурантам крымінальнай справы ўдакладнена (дапоўнена) абвінавачванне», - паведамілі 4 кастрычніка ў Следчым камітэце Беларусі.
«З крымінальнай справы вылучаныя і перададзеныя ў генеральную пракуратуру Беларусі 19 тамоў матэрыялаў па факце прычынення шкоды інтарэсам Расейскай Федэрацыі», - адзначылі ў СК.
10 кастрычніка адвакаты Баўмгертнера абскардзілі яго хатні арышт.
На наступны дзень стала вядома, што Баўмгертнеру перакваліфікаваны артыкул абвінавачвання на «крадзеж». Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў у Менску Аляксандр Лукашэнка.
Фота: ІТАР-ТАСС