16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 3:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Памер выкупу за Баўмгертнера расце разам з інфляцыяй

13
Раман Якаўлеўскі: Памер выкупу за Баўмгертнера расце разам з інфляцыяй

Менск не ідзе на саступкі ў справе кіраўніка «Уралкалію».

Такое меркаванне выказаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, каментуючы сайту charter97.org падаўжэнне хатняга арышту на два месяцы Уладзіславу Баўмгертнеру.

«Падзеі, звязаныя са спробай затрымання ў Маскве аднаго з мэнэджэраў «Уралкалію», былога супрацоўніка БКК і сённяшнім паведамленнем аб тым, што служба бяспекі «Уралкалію» ўзмацніла ахову ад магчымых падобных інцыдэнтаў, сведчаць пра тое, што бакі не могуць дамовіцца. Дарэчы, да гэтага часу толкам і не зразумела, былі гэта супрацоўнікі беларускага КДБ ці ж яны дзейнічалі ў садружнасці з расейскімі калегамі. Узнікае падазрэнне, што магчымая дастаўка з Масквы расейскага грамадзяніна магла выглядаць нейкім ахвярапрынашэннем да стала на наваселле ў палацы незалежнасці. Можа быць, планавалася вырабіць на Уладзіміра Пуціна большае ўражанне, чым ён мог атрымаць ад размоў на палігоне», - мяркуе палітычны аглядальнік.

Пры гэтым Раман Якаўлеўскі не бачыць прыкметаў таго, што беларускі бок у асобе кіраўніка ідзе на нейкія саступкі.

«Я б нават сказаў, што Лукашэнка паводзіць сябе самаўпэўнена ў гэтай справе, і можна выказаць здагадку, што ў яго ёсць падтрымка ў пэўных колах ў Маскве. Так ці інакш, палітычныя сістэмы ў абедзвюх краінах такія, што ўсё вырашаюць гаспадар Крамля і гаспадар новага палаца незалежнасці. Так што доля «паланёнага немца» выглядае сумна. І Лукашэнку зусім не абавязкова садзіць Баўмгертнера. Ён і так ізаляваў гендырэктара «Уралкалію», і цяпер гаворка ідзе пра выкуп. Нават прызначаны кошт - 100 мільёнаў даляраў. Зрэшты, Лукашэнка нядаўна казаў пра 1,5-2 мільярды даляраў, і, можа, памер выкупу расце разам з інфляцыяй», - з іроніяй адзначыў палітычны аглядальнік.

Раман Якаўлеўскі падкрэсліў, што ў Расеі не такая вясёлкавая эканамічная сітуацыя, каб яго плаціць.

«Проста ідзе вялікі гандаль і гульня, якая абрастае новымі інцыдэнтамі, як у Маскве. Я думаю, што іх будзе шмат. Напрыклад, Уладзімір Рыжкоў жартам або ўсур'ёз выказаўся, што справа можа дайсці да таго, што ў закладнікі возьмуць і расейскага амбасадара. Калі раней мы казалі, што магчыма гэта і магчыма тое, але зараз відавочна, што Лукашэнка паводзіць сябе вельмі самаўпэўнена. Хоць Пуцін неяк сказаў, што Беларусі, маючы на ўвазе не толькі народ, але і Лукашэнку, мы павінны падставіць плячо. У нашым разуменні падставіць плячо - гэта дапамагчы, а ў разуменні дзюдаіста плячо ставіцца перад тым, як «бартануць» праціўніка праз сцягно», - падсумаваў аглядальнік.

Нагадаем, следчыя органы Беларусі падоўжылі тэрмін расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара «Уралкалію».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках