3 траўня 2024, Пятніца, 10:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шведскі дыпламат: «Захад-2013» - адпрацоўка нападу на Польшчу і краіны Балтыі

19
Шведскі дыпламат: «Захад-2013» - адпрацоўка нападу на Польшчу і краіны Балтыі

Беларуска-расейскія вучэнні насілі не абарончы, а наступальны характар.

Падчас сумесных манеўраў «Захад-2013» у асноўным адпрацоўваўся ўдар па краінах Балтыі, а таксама Польшчы, паведамляе тэлеканал «Белсат» са спасылкай на шведскае выданне «Svenska Dagbladet» (пераклад - charter97.org).

Газета спасылаецца на інфармацыю ад ананімнага, высокапастаўленага дыпламата.

У афіцыйным сцэнары вучэнняў, які быў перададзены прадстаўнікам НАТА, паведамлялася, што яны павінны сімуляваць беларуска-расейскую аперацыю ў выпадку рэлігійна-этнічнага канфлікту і тэрарыстычнай пагрозы. Аднак пад такім прыкрыццём у асноўным адпрацоўвалася наступальная аперацыя.

Суразмоўца газеты звярнуў увагу, што для антытэрарыстычнай аперацыі не патрэбныя стратэгічныя бамбавікі, атамныя падводныя лодкі і запуск ракет далёкага дзеяння. Менавіта такія элементы гулялі галоўную ролю ў вучэннях.

Разам з тым Стакгольмскае выданне сцвярджае, што нягледзячы на афіцыйныя паведамленні расейскага боку, у манеўрах удзельнічала 70 тысяч салдат. Каб схаваць гэты факт, Расея арганізавала шэраг іншых ваенных вучэнняў, падобных з праграмай «Захад-2013».

Больш за тое, яна мабілізавала 20 тысяч салдат сіл унутранай бяспекі, якія не адносяцца да Міністэрства абароны. Таксама нечакана пашырыўся геаграфічны ахоп вучэнняў, якія праходзілі не толькі каля польскай, літоўскай, латвійскай і эстонскай межаў, але таксама каля фінскай і нават нарвежскай, паведамляе газета.

Нагадаем, сумесныя беларуска-расейскія ваенныя вучэнні «Захад-2013» праводзіліся з 20 па 26 верасня на пяці палігонах, кіраўніцтва імі ажыццяўлялі міністры абароны Расеі і Беларусі. Усяго ў вучэннях прынялі ўдзел звыш 22 тысяч вайскоўцаў, задзейнічана больш за 530 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 80 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, каля 90 самалётаў (Су-24, Су-25, Су-34, МіГ-29, Бе-200 і іншыя), верталётаў, а таксама да 10 караблёў Балтыйскага флоту.

Адзначым, што правядзенне вучэнняў выклікала хваляванне сярод суседзяў Беларусі.

Многія эксперты мяркуюць, што яны праходзяць па сцэнары вучэнняў «Захад-2009», якія выклікалі вялікі рэзананс. Тады ў манеўрах прынялі ўдзел больш за 12 тысяч вайскоўцаў, афіцыйна яны былі названыя абарочымі, закліканымі падтрымаць стратэгічную стабільнасць у рэгіёне. Аднак у іх сцэнары, паводле некаторых паведамленняў, быў прадугледжаны напад на тэрыторыю балтыйскіх краін і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.

Фота: AFP

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках