25 красавiка 2024, Чацвер, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Захад-2013»: зваротны бок вучэнняў

187

Удзельнік беларуска-расейскіх манеўраў распавёў пра тое, пра што замаўчалі афіцыйныя СМІ.

Яшчэ на мінулым тыдні самымі галоўнымі навінамі на дзяржаўных тэлеканалах былі паведамленні аб сумесных беларуска-расейскіх вучэннях «Захад-2013». З тэлеэкрана распавядалі аб ходзе вучэнняў, аб выдатных умовах, у якіх жывуць салдаты, высокім узроўні арганізацыі. На месцы вучэнняў у якасці ваеннаабавязанага пабываў і чытач «Блога Гродно», які ў некалькіх частках паспрабуе апісаць адваротны бок вучэнняў, а дакладней побыт прызваных на «вайну».

Позвы на вучэнні ваеннаабавязаныя грамадзяне сталі атрымліваць яшчэ ў чэрвені месяцы бягучага года. Ваенкамат быў вельмі настойлівы, не трывожачы пустымі позвамі ў паштовую скрыню прабіў адразу сапраўды ў мэту - позва ў аддзел кадраў прадпрыемстваў, які выдае позву ў рукі пад подпіс. Атрымаўшы позву, аўтар гэтых радкоў не мог і падумаць, што апынецца на зборах, быўшы адзіным карміцелем у сям'і з шасцімесячным дзіцем. На нешта спадзяваўся... У ваенкамаце факт наяўнасці крохі нікога не збянтэжыў, адказ быў такім:

«Ну і што, што ў Вас дзіця? У мяне вунь таксама ёсць дзіця, і ў таварыша маёра ёсць, але мы ж працуем? А наогул, адпачнеце ад сваіх, яны будуць сумаваць па вас!»

Словы работніка ваенкамата пра тое, што можна засумаваць па сям'і, пацвердзіліся - усе 25 дзён ваеннаабавязаныя правялі на палігоне паблізу Гродна без права на наведванне.

Далей была кантрольная яўка і, уласна, сам зборны пункт, які базаваўся ў будынку Гандлёвага каледжа. Усіх размеркавалі па брыгадах, пасля чаго чакаў невялікі медагляд. Яго сэнс заключаўся ў тым, што доктар аглядаў толькі жывот ў раёне пупка, пасля чаго ўсім без выключэння запісаў у ліст агляду «здаровы». Затым усіх пасадзілі па аўтобусах і адправілі па месцах дыслакацыі.

Цікавы факт. Па прыбыцці ў частку ўсім трэба было прайсці праз алкатэстар. Хлопцаў з наяўнасцю ў крыві праміле адклікалі ў старонку і правялі прафілактычную размову, прыстрашыўшы адпраўкай даведкі на працу з усімі вынікаючымі наступствамі. Затым быў дагляд асабістай маёмасці і перапрананне ў ваенную форму. Выдача ваеннай маёмасці праходзіла да канца дня. Што належыла ваеннаабавязанаму:

- б/у штаны і кіцель. Сама форма ва ўсіх была розная. Камусьці дасталася х/б, камусьці «сцякляшка», камусьці «арбузка», а некаторым вымытая «лічбавая» форма

б/у боты і сланцы (многія абураліся, што даношваць будуць не боты, а чужой грыбок )

- кепка

- паясавы і бручны рамяні

- працоўны бушлат (з флікерам)

- камплект рабочага адзення (штаны і кіцель)

- рэчмяшок

- майка і трусы

- анучы

- падшыва

- палявы кацялок, лыжка, металічная кружка, біклага

- крэм для абутку, туалетная папера, мыла, мачалка

- процігаз, ААК

- спальны мяшок

- аўтамат, падсумак і 4 магазіны, штык-нож

Стан формы ва ўсіх аказаўся розным. Шчасліўчыкам дасталіся новыя камплекты, у некаторых знос формы быў каля 60%. Спадчына з СССР зорка з сярпом і молатам, а гэтак жа бляхі. Запас на складах невычэрпны.

«Сподняя бялізна наогул не вытрымлівае ніякай крытыкі. Прыклад футболкі, выдадзенай мне, вы можаце ўбачыць на фота. Пах ад бялізны быў настолькі жахлівым, што прачнуўшыся з раніцы я падумаў, што майкай вымылі падлогу. Прыйшлося пераапрануцца ў «грамадзянскую» майку, прахадзіўшы ў ёй да канца тэрміну збораў», - піша ўдзельнік вучэнняў.

Мыла аказалася пратэрмінаваным

Цяпер пра кацялок. Адкрыўшы яго, абсалютна ўсё знайшлі там запасы аўтамабільнага масла. Чым і як яго адмываць ніхто з афіцэраў толкам патлумачыць не змог. На ачыстку спатрэбілася больш за паўрулона туалетнай паперы.

Пасцельная бялізна не адрознівалася цэласнасцю і пахам ад майкі.

«У першы ж вечар уражанняў падкінуў адзін з таварышаў па службе. У чалавека здарыўся прыступ эпілепсіі. Добра ён быў з намі ў страі, і мы дапамаглі таварышу прыйсці ў сябе, не даўшы захлынуцца. Але тут, бадай, пакінем падрабязнасці.

На наступны дзень нас чакаў ранні пад'ём, прызначаны на 5 раніцы. Хуткі сняданак, і ў 6 раніцы мы рассаджваліся па машынах. Дарога да палігона заняла каля трох гадзін. Адразу па прыездзе камандзір часткі спытаў, ці ёсць якія-небудзь пажаданні? Пажаданні былі, усе адразу ж папрасілі арганізаваць пітную ваду. Але войска не было б войскам, калі б ваду нам падалі, - піша аўтар артыкула. - Абед быў прызначаны на 14 гадзін. Выходзячы з намётавай сталовай мы сустрэлі камандзіра, нагадаўшы пра абяцаную пітную ваду. І тут перад намі ва ўсю сваю моц паўстала вайсковая вертыкаль, выступленне якой нагадвала шоу рэзідэнтаў Comedy Club. Камандзір дэманстратыўна паклікаў адказнага за харч. забеспячэнне і перад строем, не саромеючыся эпітэтаў і мата, загадаў яму забяспечыць асабісты склад пітной вадой. Той у сваю чаргу стаў распавядаць, што вада ўжо кіпяціцца, таму гарачую ваду нікому не наліваюць. Мы адказалі, што нам і гарачай б, астыне і вып'ем. Загад камандзіра - і мы строем ідзем па ваду. Але вады мы так і не атрымалі, зайшоўшы за вугал сталовай мы даведаліся, што ваду ніхто нават і не збіраўся кіпяціць, пітной проста не было!»

Першы дзень быў даволі цяжкім, пакуль асвоіліся, пакуль усё разведалі. Больш за ўсё надакучалі бясконцыя пастраенні. У першы дзень іх было 32. Было рэальна смешна бачыць, як пры чарговым пераліку спачатку кагосьці не хапала, потым былі лішнія, і толькі з трэцяга разу ўсё нарэшце сыходзілася, хоць колькасць людзей ні разу не змянялася. Да канца дня вадой нас так ніхто не забяспечыў. Аргументы жалезныя:

- Вы ў сталовай чай пілі?

- Пілі!

- Ну дык чаго вы яшчэ хочаце?

Жыць удзельнікам вучэнняў трэьа было ў лесе. Да іх прыезду ўжо часткова быў разгорнуты лагер. Намёт на 25 чалавек. Унутры намёта збудаваныя драўляныя нары, накрытыя матрацам. Спаць на іх трэба было загарнуўшыся ў спальны мяшок. Акрамя таго намёт абсталяваны невялікай печкай «буржуйкай», вешалкай для бушлатаў і шафікам для кацялкоў.

Першую ноч у лагеры яны пражылі сапраўды ў цалкам палявых умовах - зусім без святла.

Далей аўтар артыкула піша пра арганізацыю побыту: «У нас быў так званы клуб - намёт у якім стаялі агітплакаты, ляжалі падшыўкі газет, стаяў тэлевізар. Часам пры дапамозе праектара нам паказвалі фільмы. Здагадацца нескладана, усё кіно ваеннай тэматыкі. Былі абсталяваныя і рукамыйніцы, часам з цёплай ці гарачай вадой.

Сталовая ўяўляла з сябе намёт са сталамі на 40 чалавек. Хто не паспеў заняць месца - харчаваўся на вуліцы. У дождж есці на вуліцы не так камфортна. Рукамыйніцы былі і каля сталовай, для таго каб памыць посуд пасля прыёму ежы».

Харчаванне. З гарніраў на ўсе 25 сутак прапаноўвалася: рыс, грэчка, пярлоўка і макароны. Усё гэта падавалася ўперамешку з тушонкай. Дакладней з невялікімі нітачкамі тушонкі.

На сняданак была стабільна чэрствая булка. Белы і чорны хлеб на абед сняданак і вячэру. Таксама на сняданак і вячэру замест масла быў кавалачак сала. Чай альбо чай са згушчаным малаком (калі можна назваць пару чайных лыжак згушчанага малака на 20 літраў гарбаты). Абед быў трохі больш сытным. Тут дадавалася поліўка. Часам поліўка з бульбай. І салата з банкі. Часам на вячэру падавалі рыбу. Рыба - гэта кансерва сайры або кількі, падагрэтая і пададзеная з кашай, праўда ў такіх выпадках каша варылася без тушонкі. Прывыкнуць да такога рацыёну «грамадзянскаму» складана.

Выручала лаўка ваенгандлю, якая заязджала часам. Праўда закупіцца атрымоўвалася далёка не заўсёды. Па-першае, аўталаўка старалася па-максімуму абслужыць расейскіх вайскоўцаў, якія размяшчаліся непадалёк, а нам давозіць ужо рэшткі «раскошы» . Па-другое, рэжым прыезду аўталаўкі ў палявы лагер быў вядомы толькі работнікам ваенгандлю. То прыезд у 11, то ў 13, то ў 16. Калі разнесліся чуткі, што лаўка прыехала - то даводзілася бегчы з усіх ног, каб купіць хоць штосьці. Інакш вымяталі ўсё. А так як наведванне роднымі было забаронена, ды і передачак таксама ніхто не дазволіў, праблема ваенгандляўскай крамы была вельмі актуальнай.

Намёты за сваё жыццё пабачылі, напэўна, многае. Ужо занадта шмат дзірак было. Калі пайшлі дажджы ўнутры намёта ўсё было прыблізна так:

Сам намёт вельмі моцна прадзьмухваўся. Ноччу тапіць «буржуйку» павінны салдаты тэрміновай службы, спецыяльна прыцягнутыя да гэтага загадам. На справе ж гэтага не было - тапілі мы самі, размяркоўваючы час і падкідваючы дровы ў топку па ходзе ночы. Па загадзе камандзіра на любой праверцы мы павінны былі казаць, што топяць менавіта «тэрміновікі».

Бліжэй да пачатку вучэнняў наш лагер зменьваўся на вачах. Сталі часцей прыязджаць розныя праверкі. Пасля адной з такіх на палігон завезлі смеццевыя кантэйнеры .

А за пару дзён да заканчэння збораў да намётаў прынеслі бачкі для пітной вады. Праўда ваду туды ніхто так і не наліў.

Напісаць каментар 187

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках