4 траўня 2024, Субота, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Бабруйска абвінавачвае чыноўнікаў у самавольстве

18
Жыхар Бабруйска абвінавачвае чыноўнікаў у самавольстве

Аляксандр Каваленка баіцца за жыццё свайго асуджанага сына і абвінавачвае чыноўнікаў у самавольстве і бяздзейнасці.

У 2005 годзе яго сын быў асуджаны за забойства, на думку бацькоў - незаконна, піша БелаПАН. «Пракуратура вынесла пратэст, але суд адмовіўся пераглядаць справу. Мы звярнуліся за дапамогай да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, у прыватнасці да Жаны Мішур, але яна адмовілася з намі мець справу і спыніла перапіску», - распавёў бабруйчанін.

«Мы падалі заяўку на правядзенне 9 кастрычніка пікету ў Бабруйскі гарвыканкам. Мы хацелі паказаць людзям, што Жанна Мішур не абараняе правы і інтарэсы народа, аднак нам адмовілі, спасылаючыся на нейкія фармальнасьці», - адзначыў Аляксандр Каваленка.

Тым часам, сцвярджае ён, у дачыненні да яго сына, Ігара Каваленкі, пачаўся ўзмоцнены ціск з боку адміністрацыі калоніі ВК-22 у Івацэвічах (Берасцейская вобласць), дзе той адбывае пакаранне. Згодна з наяўнай у бацькі інфармацыяй, у ноч на 4 кастрычніка Ігар быў збіты іншымі зняволенымі, і гэтыя здзекі абяцаюць працягнуць.

Праблемы ў сям'і Каваленкі пачаліся ў 2004 годзе, калі сын Ігар быў затрыманы паводле падазрэння ў забойстве. «Ён прыйшоў аддаць грошы знаёмаму, але ў адкрытай кватэры ляжаў забітым дзядуля гэтага хлопца. У смерці гэтага чалавека абвінавацілі нашага сына», - распавёў Аляксандр Каваленка.

У 2005 годзе Ігар Каваленка быў прысуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі. Дзякуючы намаганням родных і пракуратуры, якая ўстала на іх бок, тэрмін пазбаўлення волі быў паменшаны да 18 гадоў. Аднак затым пачаўся ціск на бацькоў зняволенага.

«У 2006 годзе мяне абвінавацілі ў распаўсюдзе наркотыкаў і прысудзілі да дзевяці гадоў пазбаўлення волі. Было некалькі судоў, якія кожны раз змяншалі тэрмін зняволення. У 2009 годзе я выйшаў, а ў лютым 2010 года быў прызнаны незаконна асуджаным, мне выплацілі кампенсацыю за матэрыяльную і маральную шкоду», - распавёў бабруйчанін.

З ягоных слоў, Генеральная пракуратура вынесла пратэст паводле абвінаваўчага прысуду яго сына, заклікала Вярхоўны суд правесці новае следства ў справе. «Але нашаму суду ніхто не ўказ», - дадаў Каваленка.

«Цяпер мы даведаліся, што нашага сына ў калоніі збілі асуджаныя. Мы ведаем, што гэта правакацыя, арганізаваная ў дачыненні да яго за нашу грамадзянскую пазіцыю», - перакананы бацька зняволенага.

На яго думку, ціск на Ігара аказвае адміністрацыя калоніі. Пры гэтым Дэпартамент выканання пакарання МУС і Адміністрацыя прэзідэнта, куды неаднаразова звярталіся бацькі асуджанага, бяздзейнічаюць.

Аднак Аляксандр і яго жонка Валянціна Каваленка сцвярджаюць, што не маюць намеру адмаўляцца ад далейшай барацьбы за правы свайго сына.

Памочнік дэпутата Жанны Мішур Валянцін Глекаў паведаміў, што яму і дэпутату знаёмая сітуацыя, звязаная з сям'ёй Каваленкі.

«Але дэпутаты не могуць уплываць на вырак суда. Пастанова суда ўступіла ў законнае дзеянне. Жанна Мікалаеўна дала адказ, што яна не можа ўплываць на дзейнасць суддзяў. Адзін раз адказалі, другі раз адказалі, а ў трэці мы наўпрост спынілі перапіску з Каваленкам», - сказаў Глекаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках