4 траўня 2024, Субота, 17:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікі, якія пайшлі супраць рэжыму (Відэа)

47

У Дзень настаўніка - гісторыі педагогаў, якім не сорамна глядзець дзецям у вочы.

Госця тэлеканала «Белсат» - настаўніца гісторыі Наталля Ільініч, якую два з паловай гады таму паставілі перад выбарам: выйсці з апазіцыйнай партыі ці звольніцца.

Яна 26 гадоў адпрацавала ў Талькаўскай школе, дзе стварыла краязнаўчы гурток і сайт Talka.info, выдала кнігу «Талька і наваколлі», даследуе нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863 года супраць Расейскай імперыі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіць Талькаўскі фэст - свята, якое любяць школьнікі і добра ведае грамадскасць. Сярод яе выхаванцаў - філосафы, сацыёлагі, гісторыкі і фалькларысты.

Наталля Ільініч успамінае, што ў часы перабудовы ў настаўніцкай было гучна ад дыскусій, людзі не баяліся выказваць сваё меркаванне. А ў 2000-е стала ціха. «Прыйшлі, журнал узялі і пайшлі на ўрок».

Госця праграмы згадвае, што нядаўна пазнаёмілася з настаўнікам, якога таксама звольнілі за «палітыку». Уладзімір Юржыц выкладаў інфарматыку ў сярэдняй школе №20 горада Оршы, а ў першай палове 2000-х быў яе дырэктарам. Ні на «парламенцкіх выбарах» 2000 года, ні на прэзідэнцкіх у 2001-м, успамінаў ён у прэсе, улады яшчэ не рыхтавалі гатовых лічбаў у выніковых пратаколах. Тады настаўнікаў разам з дырэктарамі прадпрыемстваў збіраў старшыня гарвыканкама і папярэджваў, што «прафесійныя якасці» педагогаў будуць ацэньваць паводле вынікаў галасавання на ўчастках. На ўчастку Уладзіміра Юржыца падлік галасоў адлюстроўваў сапраўдную волю выбаршчыкаў, і ўжо ў 2004-м узначаліць камісію яму не дазволілі. Але ён заставаўся дырэктарам школы, дзе быў участак, і здолеў дамагчыся сапраўднага падліку. Тады за трэці прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнку прагаласавалі 48%. З часам Уладзіміра Юржыца пазбавілі не толькі пасады дырэктара, але і настаўніка. Хоць яшчэ ў 2007-м дзяржаўная газета «Рэспубліка» пісала пра яго: «...таленавіты чалавек - таленавіты ва ўсім».

Такі выпадак адбыўся ў Менску і з аднакурсніцай Наталлі Ільініч. Цяперашнюю сітуацыю ў школе яна прадказальна параўноўвае з 1930-мі гадамі.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках