4 траўня 2024, Субота, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маскоўскае выдавецтва выпусціла раман аб беларускіх эмігрантах

6
Маскоўскае выдавецтва выпусціла раман аб беларускіх эмігрантах

Вядомае і аўтарытэтнае выдавецтва «Время» выдала раман маладога беларускага літаратара Сашы Філіпенкі.

Раман «Былы сын» прысвечаны беларускім эмігрантам. У аснове рамана - трагічныя падзеі, якія адбыліся ў Менску на станцыі метро «Няміга», калі ў цісканіне пасля канцэрту загінулі маладыя хлопцы.

«Беларускі партызан» прапануе некалькі рэцэнзій на кнігу, якая выйшла.

Алекс Дубас, пісьменнік:

«Дэбют! Класіка жанру, хімічна чысты прадукт: і малако не высахла, і адразу раман, і адразу пра галоўнае, ды ніякай паліткарэктнасці, і без аглядкі на «таўстаеўскіх», і - атрымалася. Абаяльны і таленавіты вядучы з тэлеканала «Дождж» дорыць сваім першым чытачам рэдкую магчымасць - праз шмат гадоў сказаць дзецям ці ўнукам: «Саша Філіпенка? Памятаю-памятаю, як ён пачынаў - «Былы сын». Не чыталі? Ну як жа так! Вельмі рэкамендую».

Наталля Сіндзеева, заснавальніца і генеральная дырэктарка тэлеканала «Дождж»:

«Кніга - незвычайна лірычная. Пра каханне бабулі да ўнука я, мабыць, і не чытала нічога лепш. Аб каханні не лубачным з вязаннем і пірагамі, аб каханні - сапраўдным. Кніга - гранічна сур'ёзная, таму што «і блазаны паміраюць сур'ёзна». А гэтая кніга - маленькая смерць асобы або, калі хочаце, агонія. «Былы сын» - пра юнацтва, якое можна лічыць страчаным, але і пра лёс, які загартоўвае. Чытаць і перачытваць.

Калі Саша прынёс мне свой раман - я падумала, што ў мяне ў руках чарговая кніга вядучага: гісторыі, нататкі. На справе ж я прачытала магутны, шчыльны, дзіўна шчыры тэкст. І цяпер я, шчыра кажучы, крыху засмучаная, бо чытач атрымлівае вельмі добрага аўтара, а я, здаецца, губляю аднаго з любімых вядучых».

Міхаіл Ідаў, галоўны рэдактар «GQ Расея»:

«Нягледзячы на сціплыя памеры і беларускую фактуру, вы трымаеце ў руках сапраўдны вялікі рускі раман - магчыма, той самы, якога літаратура чакае ўжо не першы год. Філіпенка ці ледзь не адзіны са свайго пакалення віртуозна перадае гаворку любога саслоўя; ператварае змучаны Менск у сучасны адказ булгакаўскаму Кіеву «Белай гвардыі»; вельмі складаная сцэна спантаннага масавага гвалту, вакол якой круціцца сюжэт, выпісаная з сапраўды страшным майстэрствам. Але самая галоўная і самая рэдкая ў нашы дні вартасць «Былога сына» - у гэтага рамана ёсць сэрца».

Саша Філіпенка нарадзіўся ў Менску ў 1984 годзе. Скончыў філалагічны факультэт СПБГУ, магістратуру. Атрымаў дыплом «Бард Каледжа» ў Нью-Ёрку. Працаваў сцэнарыстам вялікай колькасці праграм на расейскім тэлебачанні, у тым ліку «Пражэктарпэрысхілтан». Вёў уласнае шоў на тэлеканале «Дождж». У 2011 годзе быў адзначаны дыпломам першай ступені беларускага ПЭН-цэнтра. «Былы сын» - дэбютны раман аўтара.

Фота: «Беларускі партызан»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках