4 траўня 2024, Субота, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Міцькі» падораць Івану Грознаму новага сына

5
«Міцькі» падораць Івану Грознаму новага сына

Аб'яднанне мастакоў «Міцькі» пачало працу над карцінай «Міцькі дораць Івану Грознаму новага сына».

Ёй пры неабходнасці можна будзе замяніць палатно Іллі Рэпіна «Іван Грозны і сын яго Іван 16 лістапада 1581» у Траццякоўскай галерэі, піша «Інтэрфакс».

«Гэта будзе спавіты румяны карапуз, каб ён мог суцешыць беднага Івана Васільевіча. Карціна будзе дакладна такога ж памеру, і мы папросім кіраўніцтва галерэі павесіць яе на месцы рэпінскіх, калі тую прыбяруць у запаснікі, - сказаў лідар «Міцькоў» Дзмітрый Шагін. - Мы вырашылі дапамагчы цару, аб несправядлівым стаўленні да якога загаварылі праваслаўныя актывісты, і мастацкімі сродкамі падтрымаць яго, аднавіўшы такім чынам гістарычную справядлівасць».

Ён таксама прапанаваў апанэнтам карціны Рэпіна звярнуць увагу і на іншыя вядомыя працы, пішаLenta.ru. У якасці прыкладу Дзмітрый Шагін прывёў карціну «Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану», назваўшы яе «непаліткарэктнай». «У тым лісце, як кажуць, былі нецэнзурныя словы, - растлумачыў ён. - Акрамя таго, у Мікалая Ге ёсць карціна «Пётр Першы дапытвае царэвіча ў Пецергофе». Далейшы лёс царэвіча вядомы». Шагін таксама звярнуў увагу на творчасць перасоўнікаў, адзначыўшы ў іх працах «суцэльную абразу пачуццяў вернікаў».

Нарэшце мастак са шкадаваннем канстатаваў, што ў галерэях без боязі можна пакінуць толькі пейзажы. «Шышкіна і Айвазоўскага можна смела пакідаць у музеях - яны не небяспечныя. Але Эрмітаж з яго вялізнай колькасцю аголенай натуры, вядома, прыйдзецца зачыніць», - падсумаваў Шагін.

Нагадаем, у пачатку кастрычніка старшыня руху «Святая Русь» Васіль Бойка-Вялікі, які называе сябе праваслаўным прадпрымальнікам, накіраваў зварот на імя міністра Уладзіміра Мядзінскага і дырэктара Траццякоўкі Ірыны Лебедзевай з патрабаваннем прыбраць з экспазіцыі «пачварную карціну Рэпіна». На думку Бойкі-Вялікага, карціна з'яўляецца паклёпам на Івана Грознага, уводзіць у зман школьнікаў і абражае патрыятычныя пачуцці расейцаў.

У Міністэрстве культуры заявілі, што зварот да Мядзінскага не дайшоў. Карціну ж Лебедзева здымаць адмовілася, назваўшы зварот праваслаўных актывістаў спробай самапіяру. «Я не вельмі разумею, чаму раптам можа спатрэбіцца гэта рабіць па жаданні адной часткі нашага грамадства. Трэба браць пад увагу меркаванне і іншых людзей таксама», - сказала дырэктарка Траццякоўскай галерэі.

Мастацкае аб'яднанне «Міцькі» з'явілася ў Ленінградзе ў сярэдзіне 80-х гадоў XX стагоддзя і стала адным з апірышчаў неафіцыйнага мастацтва, сфармаваўшы на аснове свайго светапогляду цэлую субкультуру. Акрамя мастакоў у склад «Міцькоў» уваходзілі вядомыя піцерскія паэты, музыкі і журналісты.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках