Менчукоў гоняць на «будоўлю стагоддзя»
38- 7.10.2013, 13:29
- 36,089
Маштабны суботнік пройдзе 12 кастрычніка на тэрыторыі комплексу «Чыжоўка-Арэна».
Адпаведнае даручэнне, як перадае карэспандэнт агенцтва «Менск-Навіны», зрабіў сёння старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька на аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме.
- У Менску вядзецца вялікая работа па завяршэнні будаўніцтва і падрыхтоўцы да ўводу ў эксплуатацыю гэтага важнага для краіны аб'екта, - адзначыў ён. - Таму ў рамках восеньскага месячніка неабходна правесці суботнік на тэрыторыі шматфункцыянальнага комплексу з прыцягненнем супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату, прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, жыхароў горада.
Плануецца, што ўсяго ў суботніку возьмуць удзел каля 500 чалавек. Парадак навядуць як на тэрыторыі самога комплексу, так і ў парку 900-годдзя Менска.
А ў наступныя выходныя, 19-20 кастрычніка, адбудзецца другі суботнік - на гэты раз генеральная ўборка пройдзе ўнутры комплексу.
Нагадаем, комплекс «Чыжоўка-Арэна» плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў лістападзе бягучага года.