На сельгаскірмашах стане яшчэ «весялей»
11- 7.10.2013, 15:51
- 12,099
Ладуцька патрабуе забяспечыць на сезонных сельгаскірмашах «багатую культурную праграму».
У працу менскіх кірмашоў па продажы сельгаспрадукцыі плануецца ўнесці карэкціроўкі. Але тэрміны іх правядзення засталіся ранейшымі - да наступлення ўстойлівых замаразкаў, піша «Інтэрфакс».
На думку старшыні Менгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, на сезонных сельгаскірмашах «Шчодрая восень -2013» неабходна «забяспечыць багатую культурную праграму». Але не для прыцягнення дадатковых наведвальнікаў - іх і без таго хапае. Напрыклад, 5 і 6 кастрычніка ў Менску на падобных распродажах пакупнікі набылі на кірмашах 792 тоны рознай сельгаспрадукцыі, у тым ліку 710 тон гародніны і пладоў, 32 тоны мяса і мясной прадукцыі, 16 тон рыбы. Часцей за ўсё менчукі набываюць бульбу.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Менска Наталля Жукава на аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме адзначыла, што сярод парушэнняў, выяўленых у гандлёвых шэрагах, - незахаванне тэмпературнага рэжыму і правілаў таварнага суседства. То бок, калі сырая і гатовая прадукцыя рэалізуюцца сумесна. Ёсць такія грахі і ў аб'ектаў грамадскага харчавання.
«Вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці», - паабяцала Наталля Жукава.
Да канца сезона кірмашоў у Менску плануецца правесці яшчэ больш за 100 падобных мерапрыемстваў.