Дзяржпамежкамітэт: Афіцэр загінуў з-за траўмы
13- 7.10.2013, 16:21
- 49,242
Афіцэр Гродзенскай памежнай групы атрымаў траўму, ад якой пасля памёр.
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка, перадае БелаПАН.
Паводле яго інфармацыі, 23 верасня капітан выпадкова атрымаў траўму, выконваючы задачу па ахове мяжы ў адным з відаў нарадаў. Прычым гэта пашкоджанне не лiчылi праблемным. Аднак затым стан здароўя вайскоўца пагоршыўся, і 2 кастрычніка ён раптоўна памёр.
Афіцэр быў пахаваны 4 кастрычніка.
Як асабліва падкрэсліў Аляксандр Цішчанка, дадзены выпадак не мае ніякага дачынення да сумесных беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2013», якія праводзіліся ў канцы верасня на тэрыторыі Беларусі. «Траўма была атрымана памежнікам падчас выканання службовых задач па ахове дзяржаўнай мяжы», - сказаў ён.
Нагадаем, пра гібель афіцэра памежных войскаў першым паведаміў сайт charter97.org. Пра гэта напісаў адзін з нашых чытачоў. Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся падчас вучэнняў «Захад-2013».
«На вучэннях «Захад-2013» загінуў малады афіцэр памежнай службы - старэйшы лейтэнант Навіцкі. Вечная яму памяць. Праходзіў службу ў Гродзенскай памежнай групе. Вельмі непрыемна, што дадзены факт спрабуюць схаваць», - паведаміў ён.
У Міністэрстве абароны і ў Гродзенскай памежнай групе сёння раніцай адмовіліся каментаваць смерць вайскоўца.