Справу «прынцэсы цырка» падоўжылі на тры месяцы
23- 7.10.2013, 16:57
- 24,112
Чарговы раз падоўжанае расследаванне крымінальнай справы былога дырэктара Белдзяржцырка Таццяны Бандарчук.
Пра гэта 7 кастрычніка паведаміла прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, перадае «Радыё Свабода».
«Тэрмін расследавання справы падоўжаны да студзеня 2014 года», - сказала яна.
Гэта ўжо другое падаўжэнне тэрміну расследавання справы Таццяны Бандарчук, якое пачалося ў пачатку чэрвеня. У пачатку жніўня расследаванне было падоўжана на 2 месяцы - да пачатку кастрычніка.
Раней у Следчым камітэце паведамлялі, што Таццяна Бандарчук «папярэджаная аб абавязковай яўцы да следчых і належных паводзінах». «Усё засталося па-ранейшаму», - сказала пра меры стрымання адносна былога дырэктара Белдзяржцырка Юлія Ганчарова.
Нагадаем, аб ўзбуджэнні Генеральнай пракуратурай па матэрыялах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС і КДК крымінальнай справы ў дачыненні да Бандарчук за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК) было абвешчана 7 чэрвеня.
На прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук паведаміў, што ў полі зроку следства знаходзіцца некалькі кірункаў дзейнасці былога дырэктара Белдзяржцырка. Паводле яго слоў, вывучаліся пытанні, звязаныя з выкарыстаннем Бандарчук аўтарскага права, бясплатнай рэалізацыяй квіткоў на некаторыя прадстаўленні, страхаваннем замежных артыстаў, выплатамі беларускім артыстам, якія знаходзяцца на гастролях.