Прэс-сакратар МЗС аб сітуацыі ў Егіпце: Я вам нічога не скажу
40- 7.10.2013, 17:33
- 35,577
МЗС адмовіўся паведаміць пра тое, ці ёсць сярод пацярпелых у тэрактах на егіпецкіх курортах грамадзяне Беларусі.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных заявіў, што не стане даваць каментары сайту charter97.org.
«Выбачайце, мы працуем толькі са сродкамі масавай інфармацыі. Вас мы такім не лічым. Ваш сайт - прапагандысцкі рэсурс», - сказаў ён, выслухаўшы пытанне.
Нагадаем, сёння начынены выбухоўкай аўтамабіль пратараніў будынак штаба групоўкі арміі Егіпта ў паўднёвай частцы Сінайскага паўвострава. У выніку выбуху, які адбыўся ў размешчаным на беразе Чырвонага мора горадзе Эт-Тур, загінулі як мінімум, два чалавекі. Яшчэ не менш за 48 чалавек атрымалі раненні. Некаторыя СМІ паведамляюць пра большую колькасць загінулых і параненых.
Да гэтага часу радыкальныя ісламісты вялі барацьбу з егіпецкімі сіламі бяспекі на поўначы паўвострава, у той час як паўднёвая яго частка, дзе размешчаныя папулярныя сярод турыстаў курортныя гарады, заставалася бяспечнай, аднак зараз супрацьстаянне паміж прыхільнікамі і праціўнікамі зрынутага прэзідэнта дакацілася і да месцаў адпачынку.
Раней Міністэрства замежных спраў рэкамендавала беларускім турыстам устрымацца ад наведвання Егіпту да нармалізацыі сітуацыі ў краіне. У канцы жніўня Нацыянальная авіякампанія «Белавія» прыпыніла выкананне чартэрных рэйсаў у Хургаду і Шарм-аль-Шэйх, аднак у кастрычніку яны будуць адноўленыя.