8 траўня 2024, Серада, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Халіп і Том Стопард узнагароджаныя прэміяй Пінтэра

13
Ірына Халіп і Том Стопард узнагароджаныя прэміяй Пінтэра

(абноўлена - 09:28) Прэстыжная прэмія Гаральда Пінтэра ў гэтым годзе дастанецца беларускай журналістцы і брытанскаму драматургу.

Узнагароду, якая была заснаваная ў 2009 годзе, уручае ПЭН-клуб Злучанага каралеўства.

Лаўрэатам прэміі сэр Том Стопард стаў яшчэ ў ліпені гэтага года. Учора ўвечары драматург паведаміў, што беларуская журналістка Ірына Халіп таксама атрымае пісьменніцкую ўзнагароду за мужнасць.

Том Стопард зрабіў гэтую заяву на публічным мерапрыемстве ў Брытанскай бібліятэцы ў панядзелак, калі ён афіцыйна атрымаў прэмію, уручаную яму суддзёй Крыстаферам Блендам, мінулагоднім намінантам Кэрал Эн Дафі, удавой Гаральда Пінтэра Антоніяй Фрэйзер, і прэзідэнтам ПЭН-клуба Велікабрытаніі Джіліан Слова.

Прэмія заснаваная брытанскім ПЭН-клубам у гонар Гаральда Пінтэра, які быў актыўным удзельнікам Камітэта зняволеных пісьменнікаў. Яна ўручаецца брытанскаму пісьменніку, які дэманструе, кажучы словамі Нобелеўскай прамовы Гаральда Пінтэра, «цвёрдую, непахісную і гарачую інтэлектуальную рашучасць». Лаўрэат дзеліцца ўзнагародай з замежным пісьменнікам, які падвяргаецца пераследу або турэмнаму зняволенню за свае погляды.

Па словах сэра Тома Стопарда, Ірына Халіп заслугоўвае прызнання яе мужнасці за крытыку аўтарытарнай улады, нягледзячы на запалохванні і пазбаўленне волі. «Я пачынаў як журналіст, і я ганаруся тым, што дзялю прэмію з адважным рэпарцёрам», - заявіў ён.

«Гаральд вітаў б перамогу Тома з энтузіязмам, як вялікі прыхільнік яго творчасці. Ён быў бы асабліва рады атрыманню прэміі Ірынай, паколькі беларуская справа была блізкая яго сэрцу», - адзначыла Антонія Фрэйзер, удава Гаральда Пінтэра.

«Для мяне вялікі гонар знаходзіцца сёння тут і прымаць гэтую ганаровую прэмію з рук Тома Стопарда. Я хачу падзякаваць і брытанскі ПЭН-цэнтр, і Тома, але галоўнае - хачу сказаць, што вы ўсё зрабілі для мяне значна больш, - сказала Ірына Халіп. - Калі я сядзела ў турме, а потым - пад хатнім арыштам і знаходзілася ў поўнай ізаляцыі, я не ведала, што на мой адрас у гэты час з Велікабрытаніі прыходзяць сотні лістоў і паштовак са словамі падтрымкі і салідарнасці. Толькі потым я змагла іх прачытаць - велізарны пачак лістоў, амаль у кожным з якіх было напісана : «ад англійскага ПЭН-цэнтра я даведаўся, што ты знаходзішся пад хатнім арыштам. Я хачу, каб ты ведала: мы тут, у Англіі, салідарныя з табой і молімся за цябе». Некаторыя англічане дасылалі мне пасылкі з кнігамі, але і там абавязкова быў ліст ці паштоўка са спасылкай на ПЭН-цэнтр. Я да гэтага часу не ведаю, што гэта было - нейкая акцыя або частка агульнай кампаніі па падтрымцы палітзняволеных літаратараў. Затое ведаю дакладна, што ў той жахлівы час, калі я была вызваленая з прысудам з адтэрміноўкай на два гады, а муж атрымаў пяцігадовы тэрмін зняволення, а нашаму сыну тады толькі споўнілася чатыры гады, гэтыя лісты і паштоўкі з брытанскімі паштовымі штэмпелямі вельмі дапамагалі мне. Я да гэтага часу захоўваю гэтыя лісты і буду захоўваць заўсёды. Сапраўды гэтак жа як падзяка брытанскаму ПЭН-цэнтру застанецца назаўжды ў маім сэрцы».

Ирина Халип и Том Стоппард награждены премией Пинтера. Фото: Юрий Коляда

Ірына Халіп распавяла аб яшчэ адным выпадку падчас свайго арышту.

«Уявіце сабе пакой, у якім знаходжуся я, мой маленькі сын і двое афіцэраў КДБ, якія кругласутачна вартавалі нас. Мне забаронена працаваць, пісаць лісты, мець любыя кантакты са светам. Так што мы з сынам перабіраем старыя фатаграфіі - я не хачу, каб ён забыўся, як выглядае яго тата. Узяўшы ў рукі чарговую фатаграфію, адчуваю недахоп паветра. Гэта не вельмі выразны аматарскі здымак 2005 года, зроблены ў гэтым жа пакоі. На здымку - Том Стопард са сваёй вечнай цыгарэтай, а побач - мы і нашы сябры. Я гляджу на фатаграфію і разумею, што з усіх, хто на ёй захаваны, на волі застаўся толькі Том. Алег Бябенін - мёртвы, забіты за тры месяцы да нашага арышту. Мой муж Андрэй Саннікаў і наш сябар і паплечнік Зміцер Бандарэнка - у турме. Мікалай Халезін і Наталля Каляда - нашы сябры, кіраўнікі «Свабоднага тэатра», па чыім запрашэнні Том і прыехаў у Менск той восенню, - вымушаныя былі ўцячы з краіны, каб не апынуцца ў турме. На той здымак было страшна глядзець. Я разумела, што тыя прысутныя на фатаграфіі, хто выжыў, - ужо ніколі не будуць ранейшымі. А кагосьці наогул не будзе. І толькі Том заставаўся ранейшым, са сваёй вечнай цыгарэтай. І я марыла аб тым, каб з ім усё было ў парадку, таму што ён, у цэнтры той фатаграфіі, усё ж такі усяляў надзею на тое, што ўсё яшчэ можа змяніцца. Тыя, хто выжыў, вернуцца дадому, хто не выжыў - змогуць здабыць спакой.

А праз некалькі дзён пасля таго, як я знайшла тую фатаграфію, Том нейкім чароўным чынам здолеў перадаць мне запіску са словамі падтрымкі. І я зразумела, што не засталася сам-насам з абсалютным злом - Том Стопард мацней абсалютнага зла. А потым нарэшце, калі знялі забарону на ліставанне, лінулі ўсе гэтыя сотні лістоў з Велікабрытаніі. Вы нават не ўяўляеце, як гэта дапамагала ў той момант мне вырашаць самыя простыя і самыя цяжкія задачы: выжыць, вытрымаць, выстаяць. Дзякуй вам, сябры. Дзякуй табе, Том», - сказала журналістка.

Ірына Халіп працуе ўласным карэспандэнтам расейскай «Новай газеты» ў Беларусі. Неаднаразова затрымлівалася беларускімі спецслужбамі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. У ноч з 19 на 20 снежня 2010 Ірына Халіп разам з яе мужам Андрэем Саннікавым былі затрыманыя пасля разгону ўладамі дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Журналістка была абвінавачаная ў арганізацыі беспарадкаў.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Ірыну Халіп вязнем сумлення разам з іншымі беларускімі арыштаванымі актывістамі. 16 траўня 2011 года журналістка была прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках