9 траўня 2024, Чацвер, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саша Варламаў: Не гляджу тэлевізар, бо ў турме было катаванне гукам (Відэа)

33
Саша Варламаў: Не гляджу тэлевізар, бо ў турме было катаванне гукам (Відэа)

Беларускі мадэльер, які быў у зняволенні больш за два гады, хоча забыць усё, што з ім там адбылося.

Саша Варламаў даў інтэрв'ю «Радыё Свабода», у якім распавёў, у тым ліку, пра сваё жыццё пасля зняволення: «Пасля турмы я быў некаторы час у шпіталі, мае сябры ўздымалі мяне фактычна па фрагментах з ложка», - распавёў мадэльер.

На пытанне, ці адчувае ён сябе свабодным, Варламаў адказаў:

«Пасля турмы ўвесь час шукаеш каля сябе нейкіх назіральнікаў, шарахаешся ад кожнага ценю і кожнага рогу, думаеш, што за табой вядуць назіранне. Бо два гады ў камеры за мной назіралі і падсадныя сукамернікі, і ў вочка назіралі, і ўваходзілі ўвесь час ў камеру, правяраючы што я раблю».

Пасля зняволення Варламаў змяніў стаўленне да некаторых сваіх сяброў: «Некаторыя людзі, на падтрымку якіх я разлічваў, былі на другім баку, забыліся і не ўзгадвалі. Але ў маёй душы жыве Бог, і з Богам адзінота не адчуваецца».

Пра беларускую моду Варламаў адклікаецца скептычна: «Мяне зусім не цікавіць, што цяпер адбываецца ў модзе. На адным з паказаў адзін чыноўнік у мяне спытаў: «Якія змены? Як вы ўсё гэта бачыце?». Я адказаў: «Моды няма». Чаму ўвесь час дзеляць тое, чаго няма? Мая унутраныя задача сёння – надаваць усялякую дапамогу маладым дызайнерам, усе мае еўрапейскія і маскоўскія кантакты захаваліся».

За вінаватага мадэльер сябе не ўважае: «Я не ўважаю сябе за вінаватага. Мая задача - забыцца на ўсё, што са мной было. Гэта немагчыма зрабіць за адну секунду, бо два гады і два месяцы, праведзеныя ў турме, гэта вельмі істотны час для майго ўзросту. За гэты час можна было вельмі шмат чаго зрабіць. З іншага боку, напэўна, мне патрэбная была гэтая трансфармацыя і пераасэнсаванне для таго, каб жыць далей».

Мадэльер прызнаецца, што сёння практычна не глядзіць тэлевізар: «У турме было такое катаванне гукам. Радыё працавала і днём і ноччу, або тэлевізар. І я навучыўся не чуць і не бачыць».

Сёння беларусы баяцца вылучацца з натоўпу нават адзеннем, адзначае Варламаў: «Адзенне выконвае ахоўныя функцыі: касцюм-скафандр, касцюм-мундзір, касцюм-камуфляж... Абы як мага менш вылучацца. Гэта нашая асаблівасць, бо як вылучыўся - дык адразу па шапцы і атрымаў. Таму лепш хадзіць у шэранькім, быць шэранькім...».

Фота: «Еврорадио»

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках