4 траўня 2024, Субота, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калгас плаціў зборшчыкам яблыкаў 1 еўра ў дзень

39
Калгас плаціў зборшчыкам яблыкаў 1 еўра ў дзень

Сезонныя работнікі сельгаспрадпрыемстваў скардзяцца на жабрацкія заробкі.

Паездка ў СВК «Гродзенскі» на заробкі надзей работнікаў з Брэсцкай вобласці не апраўдала.

Амаль за два тыдні кожнаму заплацілі па 153 тыс. рублёў. У гаспадарцы настойваюць: самі вінаватыя, дрэнна працавалі, піша «Вечерний Гродно».

На збор яблыкаў у Гродзенскі раён дзевяць чалавек са Століна запрасіў знаёмы.

«Ён ужо некалькі гадоў працуе ў гэтым калгасе на будоўлі. Казаў, што гаспадарка моцная, кіраўнік слова трымае і рублём не пакрыўдзіць. Мы і пагадзіліся», - распавядае Віктар Куніцкі.

У СВК «Гродзенскі» работнікі прыехалі ў пачатку верасня.

«Нас сустрэў намеснік старшыні, паказаў жыллё (двухпакаёвая кватэра ў вясковай хаце), паабяцаў бясплатнае пражыванне і двухразовае харчаванне. Дамовіліся аб заробку - па 200 тыс. рублёў за працоўны дзень на чалавека. Гэта, дарэчы, самая маленькая расцэнка», - лічыць Віктар, які больш за дзесяць гадоў ездзіць на сезонныя працы і не раз бываў у гаспадарках Менскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей.

Па словах Віктара Куніцкага, працавалі без выходных з васьмі раніцы і да шасці-васьмі вечара. У дзень збіралі па 24 кантэйнера, кожны вагой па 230 кг (усяго 5,52 т), у дажджлівае надвор'е і таго больш. Гродзенцам, што прыехалі ў СВК ад цэнтра занятасці, і рабочым СВК, якія працавалі ў гэтым жа садзе, за дзень плацілі па 120 тыс., так што асцярогі, што іх могуць «кінуць», развеяліся.

Якое ж было здзіўленне, калі праз два тыдні пасля неаднаразовых патрабаванняў ім аддалі «разлікоўнікі». Па дамове работнікі павінны былі адпрацаваць з 4 верасня па 3 кастрычніка, і кожнаму абавязаліся заплаціць па 1,366 млн рублёў (за 14 дзён - 832 тыс. рублёў), але... пазней у бухгалтэрыі з сумы вылічылі выдаткі на харчаванне. Хоць у паперах, якія работнікі падпісалі, пра тое, хто плаціць за ежу, нічога не сказана. У выніку заробак за няпоўныя 14 рабочых дзён склаў усяго 153 700 рублёў на брата.

За ўсе гады, што Віктар працуе на сезонных работах, падобнай сітуацыі ён не ўзгадае. Адзіны раз, паводле яго слоў, быў у калгасе ў Маладзечна яшчэ ў дзевяностыя гады. Тады кіраўнік адмаўляўся плаціць за зробленую працу, але потым грошы ўсё-такі вярнулі.

У СВК «Гродзенскі» лічаць, што працаўнікі вінаватыя самі і зарабілі роўна столькі, колькі зрабілі.

Як распавёў галоўны эканаміст СВК «Гродзенскі» Міхаіл Лугаўцоў, столінскія работнікі сабралі ў агульнай колькасці 62 434 кг яблыкаў, з іх 17 524 кг яблыкаў добрай якасці (на суму 6 028 256 рублёў), 29 770 кг апада добрай якасці (на суму 3 274 700 рублёў) і 10 916 кг яблыкаў здавальняючай якасці (на суму 2 816 328 рублёў), 4224 кг яблыкаў затарылі ў скрынкі (на суму 179 858 рублёў). За выкананую па нарадзе здзельную працу ім павінны былі заплаціць 12 299 142 рубля.

Але гэтая сума, як растлумачылі ў СВК «Гродзенскі», паменшылася з-за... нездавальняючых паводзінаў столінскіх работнікаў.

«Каб зарабіць за дзень 350 тыс. рублёў, трэба сабраць мінімум тону яблыкаў на чалавека. А столінскія рабочыя працаваць не жадалі. Да таго ж не выконвалі працоўны распарадак, спазняліся на працу або сыходзілі раней, у дажджлівае надвор'е маглі не выйсці на ўборку яблыкаў наогул», - растлумачыў старшыня СВК «Гродзенскі» Аляксандр Шантыр.

У выніку пры налічэнні заробку ў іх вылічылі не 10% ад кошту харчавання, як астатнім, хто працуе ў гэтым калгасе, а ўсе 100%. Па словах эканаміста, улічваючы, што абед і вячэра ў калгасе ў дзень каштуюць прыкладна 70 тыс., з агульнага заробку ў 12 299 142 рублёў было вылічана 9 316 989 рублёў. Атрымалася, што дзевяць чалавек зарабілі 2 982 153 рублёў, а за вылікам падаткаў «чыстымі» кожны атрымаў па 153 700 рублёў.

Фота: «Вечерний Гродно»

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках