5 траўня 2024, Нядзеля, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларуськалій» пачаў пагашаць крэдыт Ашчадбанка Расеі

8
«Беларуськалій» пачаў пагашаць крэдыт Ашчадбанка Расеі

ААТ «Беларуськалій» пачало пагашаць крэдыт Ашчаднага банка Расеі ў памеры $1 млрд.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» на прадпрыемстве.

«У кастрычніку «Беларуськалій» прыступіў да пагашэння крэдыту, ажыццяўляе ўсе плацяжы ў рамках сваіх абавязацельстваў, замацаваных у кантракце», - сказаў прадстаўнік прадпрыемства.

Ён не ўдакладніў, якая сума была пагашаная на працягу мінулых дзён кастрычніка, аднак адзначыў, што прадпрыемства і ў далейшым мае намер строга прытрымлівацца ўмоваў крэдытнага пагаднення.

Суразмоўца агенцтва таксама адзначыў, што не валодае інфармацыяй аб тым, ці звярталася Беларусь да расейскага боку з просьбай аб змяненні графіка плацяжоў або рэфінансаваннем гэтага крэдыту. «На дадзены момант аб прапанове па рэфінансаванню крэдыту нічога невядома, як і пра змены ў графіку плацяжоў. У нас ёсць зацверджаны графік, мы яго строга выконваем», - сказаў прадстаўнік прадпрыемства.

Між тым у канцы верасня 2013 года кіраўнік Ашчадбанка РФ Герман Грэф заявіў, што банкам абмяркоўваецца магчымасць змены графіка плацяжоў па крэдыце для «Беларуськалію». Ён таксама не выключыў магчымасці ў далейшым пралангацыі гэтай пазыкі.

У пачатку жніўня намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведамляў, што «Беларуськалій» пачне пагашэнне крэдыту Ашчадбанка РФ восенню 2013 года. Першы плацёж па крэдыце павінен скласці $100 млн.

У канцы кастрычніка 2012 года Ашчадбанк РФ рэфінансаваў крэдыт ААТ «Беларуськалій», заключыўшы з ім крэдытнае пагадненне аб выдзяленні беларускаму прадпрыемству пад гарантыі ўрада Беларусі крэдыту на $1 млрд тэрмінам на 3 гады.

Па дадзеных Мінфіна Беларусі, стаўка па рэфінансаваным крэдыце складае 8,5% гадавых. Акрамя таго, з умоў крэдыту выключанае абцяжаранне акцый ААТ «Нафтан».

У снежні 2011 года «Беларуськалій» прыцягнуў сіндыкаваны крэдыт Ашчадбанка РФ і ЕАБР (доля Ашчадбанка $900 млн) на $1 млрд. Крэдыт быў прыцягнуты «Беларуськаліем» пад гарантыі ўрада, забеспячэннем якіх з'яўлялася прадастаўленне ў заклад Ашчадбанку 51% акцый беларускага ААТ «Нафтан». Умовы крэдыту прадугледжвалі паслядоўнае павышэнне адсоткавай стаўкі па ім, пачынаючы з другога паўгоддзя, у выпадку адсутнасці рэфінансавання гэтага крэдыту.

Мінфін Беларусі прадаў «Беларуськалію» дзяржпаперы у замежнай валюце на $800 млн, якія прадпрыемства набыло за кошт сродкаў з крэдыту Ашчадбанка. Дадзеныя рэсурсы ўключаныя ў склад золатавалютных рэзерваў Беларусі.

Беларусь у 2013-2014 гадах праходзіць пік плацяжоў па знешнім абавязку. Акрамя таго, у бягучым годзе, пасля згортвання вытворчасці і экспарту растваральнікаў, а таксама ва ўмовах пагаршэння кан'юнктуры ў знешнім гандлі адбываецца пагаршэнне плацёжнага балансу краіны.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках