4 траўня 2024, Субота, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калінінград зладзіў «тваражковы бунт»

22
Калінінград зладзіў «тваражковы бунт»

Пасля забароны літоўскага малака калінінградцы зладзілі «тваражковы бунт» супраць палітыкі Крамля.

У Калінінградзе наспявае народны бунт супраць гандлёвай блакады, якую Расея ўчыніла літоўскім прадуктам. У мэрыю горада пададзеная заяўка на правядзенне мітынгу 19 кастрычніка, а мясцовыя карыстальнікі сацыяльных сетак зладзілі флэш-моб: масава памянялі свае аватаркі на малюнкі з літоўскімі малочнымі прадуктамі – тваражкамі і ёгуртамі.

У заяўцы на мітынг, фота якой апублікаваў у Facebook член акруговага Савета дэпутатаў муніцыпальнага ўтварэння «Савецкая гарадская акруга» Раман Юхнавец, адзначана, што мяркуецца ўдзел 200 чалавек. Акцыю хочуць правесці каля памятнага шчыта «Касманаўтам-зямлякам» на праспекце Міра, з 18 да 20 гадзін, піша NEWSru.com.

Той жа Юхнавец распавёў аб флешмобе калінінградскіх блогераў у сваім «Жывым часопісе». «Штосьці неверагоднае зараз адбываецца ў калінінградскім фэйсбуку. Уся мая стужка, у якой амаль 2000 чалавек, раптам ператварылася ў галерэю малочнай літоўскай прадукцыі. Так калінінградцы пратэстуюць супраць забароны ўвозу малочкі з Літвы», - напісаў ён 8 кастрычніка. (Тут і далей аўтарскі стыль цалкам захаваны)

«Раніцай да акцыі далучацца папулярныя паблікі Вконтакте і калінінградскі інтэрнэт стане падобны на супермаркет. Вельмі крута выйшла ;) »- працягнуў ён.

«Таксама, мы пачынаем падрыхтоўку да акцый пратэсту. Людзі лагічна лічаць, што Масква, праводзячы сваю недарэчную забарончую палітыку, перашкаджае жыць у першую чаргу амаль мільёну жыхароў Калінінградскай вобласці. Так што будзем думаць, як наставіць сталіцу», - паведамляе Раман.

Тым, хто «не бачыць праблему далей тварагу», патлумачылі сутнасць пратэсту

Раман Юхнавец сярод іншага публікуе тлумачэнне журналісткі партала «Новый Калининград» Аксаны Майтаковай, якое яна дала ў сацсетцы: «Мяне наогул вельмі замілоўваюць і дзівяць людзі, якія на самой справе думаюць, што мілы тваражковы пратэст звязаны з тым, што ў Расею забаранілі ўвозіць літоўскую малочку. Ёсць тыя, хто праблему не бачыць далей тварагу... На жаль і ах, таварышы. Пасля таго, як вы застанецеся без заробку з-за спынення прадпрыемства, куды не дайшлі камплектуючыя, якія накіроўваліся з порта Клайпеды, будзе не да смеху. Хоць, так. Вы ж лічыце, што мы тут з-за тваражкоў ваюем. Лічыце далей».

«Што да акцыі ў Facebook, то гэта больш палітычны момант і мае назапашвальны эфект. Ён звязаны з тым, што карыстальнікі інтэрнэту не згодныя з палітыкай Крамля, які вядзе гандлёвыя войны з Літвой, забываючы што з-за блакады пакутуе і Калінінградская вобласць», - прыводзіць словы Майтаковай балтыйскі навінавы партал Delfi.

Генеральны консул Літвы ў Калінінградскай вобласці Вацлаў Станкевіч у размове з Delfi распавёў, што, сутыкаючыся па абавязку службы з калінінградцамі, яму не раз даводзілася выслухоўваць шкадаванне з нагоды дзеянняў расейскіх уладаў у дачыненні як літоўскіх перавозчыкаў, так і з нагоды забароны імпарту літоўскай малочнай прадукцыі ў Расею.

Як была развязаная гандлёвая вайна

Нагадаем, пра «прадухіленне доступу» на расейскі рынак малочнай прадукцыі з Літвы, якая не адпавядае патрабаванням заканадаўства РФ па абароне правоў спажыўцоў і паказчыкам бяспекі, абвясціў у панядзелак, 7 кастрычніка, кіраўнік Расспажыўнагляду, галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка.

А неўзабаве быў адкрыты новы фронт гэтай гандлёвай вайны: па звестках дасведчанай крыніцы агенцтва «Прайм», Расея запатрабавала ад мытнікаў узмацніць кантроль мяса і рыбы, якія імпартуюцца з Літвы.

Тады ж, у панядзелак, прэс-служба Калінінградскай гандлёва-прамысловай палаты паведаміла, што з-за праблем на мяжы з Літвой калінінградскія прадпрыемствы нясуць значныя страты, тры кампаніі былі вымушаныя спыніць сваю дзейнасць. Пры гэтым бізнесмены не гатовыя называць свае імёны, баючыся далейшых праблем на мытні, перадаў «Новый Калининград».

Як тлумачыць партал Rugrad.eu, забарона была ўведзеная Анішчанкам на фоне мытнага канфлікту паміж Расеяй і Літвой. У верасні 2013 года Літва выказала незадаволенасць доўгімі і руплівымі праверкамі, якім падвяргаюцца літоўскія перавозчыкі пры перасячэнні мяжы Расеі, і звярнулася з адпаведнай скаргай у Еўракамісію.

Больш за тое, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус прыгразіў Расеі заблакаваць Калінінградскую вобласць, калі яна не спыніць праводзіць дбайныя мытныя праверкі. Анішчанка назваў гэта «амаль імперскай рыторыкай».

Варта таксама адзначыць, што заява літоўскага міністра прагучала за месяц да адкрыцця саміту «Усходняе партнёрства». Гэтая праграма прадугледжвае збліжэнне Еўразвяза з Украінай, Малдовай, Беларуссю, Грузіяй, Арменіяй і Азербайджанам. Літва з'яўляецца адным з галоўных спонсараў праграмы «Усходняга партнёрства» ЕЗ, а таксама адным з асноўных прыхільнікаў больш хуткага падпісання Еўразвязам і Украінай пагаднення аб асацыяцыі і стварэнні зоны свабоднага гандлю.

У пачатку верасня Еўрапарламент раскрытыкаваў Расею за палітычны ціск на былыя рэспублікі СССР, прыкрыты гандлёвымі мерамі. Дастаткова ўспомніць, напрыклад, скандал з украінскай шакаладнай прадукцыяй Roshen або забарону ўвозу малдаўскага віна ў Расею.

Фота: РІА Новости/ Максім Бліноў

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках