5 траўня 2024, Нядзеля, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя відавочныя прыкметы дэвальвацыі

45
Самыя відавочныя прыкметы дэвальвацыі

У вас не ўзнікала ўражання, што гэтую п’есу вы ўжо недзе бачылі, і ведаеце, чым яны закончыцца?

Мяне гэтае ўражанне не пакідае апошнія тыдні, калі я чую выказванні Лукашэнкі пра дэвальвацыю.

Вось гэтыя выказванні – і ёсць самыя яўныя прыкметы будучага крізісу.

Ну а зараз пра п’есу. П’еса тая ж самая, што мы ўсе разам з вамі назіралі ў 2011 годзе. Хіба, акторы ў эпізадычных ралях змяніліся (шкада, бо некаторыя выклікалі ў гледачоў слёзнае замілаванне, як Пётр Пракаповіч, паклоннікі якога стварылі цэлы фан-сайт), але галоўны герой застаўся той жа. Ну як жа яго заменіш! Ён жа народны, ганаровы, лаўрэат розных прэміяў (нават амерыканцы адну нядаўна далі!)

Фабула п’есы – нязменная, як правераная гадамі класіка. Калі каротка: галоўны антаганіст (адмоўны герой) – «народ» (ён жа «народец») з пабуджэнняў асабістай непрыязні злосна шкодзіць галоўнаму герою і ў адзін з пагожых, сонечных дзён вераломна падрывае эканоміку. Галоўны герой, не шкадуючы сябе, кідаецца эканоміку ратаваць. «Народец» не здаецца, і, аслеплены жаждай нажывы, устраівае дэвальвацыю. Здаецца, усё прапала, але коштам неймаверных высілкаў, фізічных і маральных, эканоміка і свет выратаваны; народзец залізвае раны, бо дэвальвацыя, ім учыненая, шандарахнула чамусьці не па галоўным героі, а па ім, народцу.

Тэкст твору таксама той жа, з маленькімі рэдактарскімі праўкамі. Давайце параўнаем пастаноўкі 2011 і 2013 гадоў:

Два гады назад у дэвальвацыі нацыянальнай валюты Лукашэнка абвінаваціў беларусаў, якія цягаюць з Еўропы «хлам» – замежныя аўтамабілі. Сёння – зноў абвінаваціў народ, бо тыя цягаюць «барахло» – замежнае адзенне.

І тады і цяпер прапаноўваюцца (а затым уводзяцца) пошліны на ўвоз. 2011 год: «Наше население этот хлам начало ввозить. Я даже подумывал эту пошлину с 1 января вводить, но подумал: бить по людям неправильно». (Гэта было пра пошліну на аўтамабілі). У 2013 годзе: «Поэтому я и говорю, что надо искать какие-то рычаги, как другие государства это делают. Хорошо, не будем с тебя брать сто долларов, но будешь ввозить шмотки, как в других государствах, заплатишь пошлину».

І, самае галоўнае, без чаго не абыйсціся: гучыць магічная лічба – «3 миллиарда долларов».

2011 год: паводле словаў Лукашэнкі, насельніцтва дзеля таго, каб купіць машыны за мяжой, вывезла $3 млрд. «Это те три миллиарда, которых нам, кстати, и не хватило».

2013 год: паводле словаў Лукашэнкі, насельнітцва дзеля таго, каб купіць адзенне за мяжой, вывезла… (толькі ня смейцеся!) $3 млрд. «Нас критикуют — бедная, нищая страна, а наши люди до 3 миллиардов долларов в год вывозят за границу в Евросоюз».

Вось і не пакідае адчуванне дэжа-вю. Сюжэт прадказальна развіваецца, завучаныя рэплікі паўтараюцца.

Пасьля мінулай п’есы, у 2011-м, агаломшаныя эфектам пастаноўкі гледачы нават выйшлі на вуліцы, каб апладзіраваць. Праўда, ім чамусьці не дазволілі.

Праблема, аднак у тым, што другі раз глядзець тое ж самае людзям ужо ня вельмі цікава. І яны блізкія да таго, каб прапанаваць свой, цалкам новы сцэнарый.

Аляксей Шэін, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках