«Мадэрнізацыя» за кошт дзіцячай працы
86- 13.11.2013, 11:40
- 72,273
(абноўлена - 15:33) Дзяцей прымусова прыцягваюць да прыбірання «Барысаўдрэва».
Навучэнцаў 9-11 класаў школы №6 Барысава адпраўляюць адпрацоўваць на «Барысаўдрэў». Адразу некалькі чалавек пацвердзілі гэтую шакавальную інфармацыю сайту barysau.by. Старшакласнікаў накіроўваюць на ўборку тэрыторыі скандальнага барысаўскага прадпрыемства. Прычым тыя вучні, якія спазняюцца на ўрокі, адпраўляюцца адпрацоўваць працоўную павіннасць фактычна «аўтаматам».
Сярэдняя школа №6 знаходзіцца на вуліцы Ленінскай. Гэта навучальная ўстанова - непадалёк ад дрэваапрацоўчага прадпрыемства.
«Гэта праўда! Класная кіраўніца майго сына пыталася дазволу на яго працу па ўборцы тэрыторыі «Барысаўдрэва». Учора ў 14-00 бацькі пецярых хлапчукоў далі згоду, двое спазнелых на ўрокі былі ў пакаранне адпраўленыя туды ж. Шостая сярэдняя школа! Майму дзіцяці вучыцца яшчэ два гады. Куды нам падзецца?» - не можа стрымаць эмоцый маці аднаго са школьнікаў.
«Сёння раніцай мне адзін настаўнік шостай школы таксама казаў пра тое, што ўчора з самай раніцы на «Барысаўдрэў» збіраліся адпраўляць дзяцей», - паведамляе ўжо іншы чытач.
Як паведаміў сайту charter97.org чытач, школьнікаў з сярэдняй школы №12 таксама адпраўляюць на ўборку тэрыторыі «Барысаўдрэва».
Акрамя таго, паступіла інфармацыя, што і навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя (ранейшае ПТВ №62) таксама павінны адпрацаваць на ўборцы тэрыторыі прадпрыемства.
А на самім прадпрыемстве тым часам тры наступныя суботы ўжо абвешчаныя суботнікамі, на якіх абавязаныя адпрацаваць ўсе супрацоўнікі завода. Таксама да ліпеня, да новага часу Х, калі «Барысаўдрэў» чакае новая праверка на «мадэрнізацыю», пра звальненне адміністрацыя параіла нават забыцца.
Нагадаем, 8 лістапада прадпрыемства наведваў Лукашэнка. У выніку ён адправіў у адстаўку намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура, кіраўніку адміністрацыі Андрэю Кабякову была аб'яўленая строгая вымова з апошнім папярэджаннем, ён таксама вызваліў ад займанай пасады старшыню Менскага аблвыканкама Барыса Батуру і старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераслаўцава і пагражаў чыноўнікам узбуджэннем крымінальных спраў. Разнос быў звязаны з правалам мадэрнізацыі на прадпрыемстве.
Фота з архіва