5 траўня 2024, Нядзеля, 4:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На менскіх рынках знайшлі несапраўдную каву

65
На менскіх рынках знайшлі несапраўдную каву

Адразу ў сямі гандлёвых кропках на рынках Менскага раёна і сталіцы знойдзены фальсіфікаваны напой вядомай маркі.

Прадукцыю аператыўна канфіскавалі. Абывацель наўрад ці адразу зможа адрозніць падробку ад арыгінала. Толькі эксперты пасля шматлікіх праверак выносяць свой вердыкт: тавар - сапраўды фальшыўка. Сведчанне таму - упакоўка, якая адрозніваецца ад арыгінальнай. Чым напоўняць такое «адзенне», радавому спажыўцу ўявіць складана. Але дакладна не якасным змесцівам, паведамляе «Беларуская Ніва».

Ашуканцы пры стварэнні падробленага тавару разлічваюць на няўважлівых пакупнікоў. Гэта выявіла праверка выканання ўсіх патрабаванняў пры продажы гарбаты і кавы Камітэтам дзяржаўнага кантролю і інспекцыяй Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі ў Менскай вобласці. Толькі на рынках сталічнага раёна ва ўсіх дзевяці правераных гандлёвых кропках знойдзеныя парушэнні. Гарбату і каву прадавалі і зусім нелегальна - без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне тавару. У выніку канфіскаваная прадукцыя больш чым на 120 мільёнаў рублёў. Сярод яе пераважна кава, у тым ліку і вядомай гандлёвай маркі. Адразу ў сямі прадаўцоў можна было купіць падбадзёрлівы напой у 200-грамовых падробленых упакоўках.

- У Беларусі гэта першы выпадак фальсіфікацыі кавы нашай маркі, - пацвердзіў прадстаўнік афіцыйнага пастаўшчыка кавы «Якабс» у Беларусі маркетынг-менеджэр Сяргей Каліноўскі. - Тое, што ўпакоўка сапраўды падробленая, вызначыць было нескладана. Справа ў тым, што кампанія папросту не выпускае кавы аб'ёмам 200 грамаў. Часцей за ўсё падрабляюць менавіта «мяккую» ўпакоўку. На яе выраб не патрабуецца вялікіх матэрыяльных выдаткаў, гэтым і карыстаюцца ашуканцы.

Цяпер спецыялісты Камітэта дзяржкантролю высвятляюць, адкуль нелегальны тавар трапіў у гандлёвую сетку. Лёс канфіскаванай прадукцыі хутка вырашыць суд. Адно «але» - такія падробкі можна сустрэць і на іншых рынках, на якіх праверкі яшчэ не праводзіліся.

- Лепш такую прадукцыю крытычнага імпарту купляць у буйных сеткавых і дзяржаўных крамах або універсамах, - раяць у аддзеле кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг КДК Менскай вобласці. - Ад 70 да 80 адсоткаў сярод парушэнняў, якія выяўляюцца, прыпадае менавіта на рынак.

Наогул, і там, і там на прадукцыю павінны быць адны і тыя ж дакументы. Іншая справа, наколькі адказныя прадаўцы і ўважлівыя пакупнікі.

- кожны тавар павінен суправаджацца дакументамі якасці, а ў накладной будзе ўказана, хто пастаўшчык. У крамах больш сур'ёзна ставяцца да гэтага пытання - не прымаюць тавар без дакументаў. А вось на рынку індывідуальныя прадпрымальнікі, як гаворыцца, працуюць самі на сябе, і некаторыя могуць гандляваць, не маючы такіх дакументаў. Вядома, гэта парушэнне, - патлумачыла намесніца начальніка ўпраўлення арганізацыі спажывецкага рынку харчовых тавараў Міністэрства гандлю Беларусі Наталля Мельнікава.

За рэдкім выключэннем хтосьці патрабуе ў прадаўца паказаць сертыфікат якасці або любы іншы дакумент, хоць мае права гэта зрабіць кожны пакупнік.

Літаральна ў пачатку года шуміха вакол гэтага напою ў Беларусі ўжо была. Тады на многіх рынках і ў дробных крамах краіны выявілі несапраўдную распушчальную каву «Нэскафе». З продажу канфіскавалі буйную партыю - амаль 5 тысяч падробленых упаковак на 60 мільёнаў рублёў. Кава была расфасаваная ў пачкі па 2, 75, 150, 320 і 750 грамаў.

Экспертыза сумніўнага напою паказала, што ў ліпавых упакоўках прадавалі кававы напой з утрыманнем алею зерня ячменю і жыта. Кантрольны ідэнтыфікацыйны знак на ўпакоўках або быў падробленым, або адсутнічаў. Дата вырабу з тэрмінам прыдатнасці выбітыя не заводскім спосабам, як гэта павінна быць, а надрукаваныя разам з малюнкам. Хтосьці з пакупнікоў зверне ўвагу на такія дробязі? Наўрад ці.

Дарэчы, партыя падробленага «Нэскафе» была пастаўлена з Расеі. Не так даўно ў Маскве ліквідавалі цэх вытворчасці падробленай кавы. На месцы знесеных жылых дамоў «бізнэсмэны» збудавалі своеасаблівы цэх, склад і баракі для пражывання нелегальных работнікаў. Вось на такой вытворчасці, ва ўмовах поўнай антысанітарыі выраблялася самая «лепшая» кава, а потым распаўсюджвалася ў многіх расейскіх рэгіёнах.

Адрозніць падробленую каву ад гэтай, безумоўна, прасцей, калі зрабіць куплю. З-за яе структуры, старонніх пахаў або смакавых якасцяў ужо дома многія ўсумніліся ў сапраўднасці тавару. Але можна вызначыць фальсіфікацыю і не адыходзячы ад прылаўка.

- Як варыянт, купіце кавы, напрыклад, у афіцыйнай краме вытворцы. Там дакладна падробак не будзе. Потым можна браць упакоўку з сабой на рынак і не саромецца параўноўваць. Без аналогіі не ўсе пакупнікі адразу зразумеюць, што перад імі падробка, - адзначыў начальнік аддзела кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Сяргей Казенка. - Але не варта забываць, што ў апошні час вытворцы, спрабуючы сысці ад падробак, часта мяняюць дызайн упакоўкі.

Далей варта звярнуць увагу на кантрольны ідэнтыфікацыйны знак. Ёсць два варыянты: знак на фіялетавым фоне прызначаны для імпартнай прадукцыі, на салатавым - для айчыннай (у такім выпадку на ўпакоўцы абавязкова павінна быць адзначана, што «зроблена ў Беларусі»). Часта на падробленых упакоўках такога знака папросту няма, ці некаторыя аферысты могуць пераблытаць яго колер. Таксама дата вырабу і тэрмін прыдатнасці рэдка выбіваюцца завадскім спосабам. Яны проста друкуюцца разам з малюнкам. І калі вы захочаце сцерці гэтыя дадзеныя, то ў вас не атрымаецца. З сапраўднай жа ўпакоўкі яны сціраюцца, з часам становяцца бялейшымі.

Яшчэ адна немалаважная дэталь - кошт. Падроблены напой імкнуцца прадаць па заніжаным кошце, так хутчэй раскупяць. Падазрона нізкая лічба на цэнніку - яшчэ адна падстава ўсумніцца ў сапраўднасці. Фальсіфікаваную каву рэдка фасуюць у якасную ўпакоўку. Звычайна падрабляюць так званую «мяккую» ўпакоўку, паколькі гэта танней. Так што калі купіць каву ў шкляной або бляшанай банцы, то верагоднасць быць падманутым меншая. Ды і такая фасоўка дазваляе даўжэй захаваць водар, таму буйныя кампаніі часцей выкарыстоўваюць яе.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках