Байкот «выбараў» забароняць з 8 снежня
87- 27.11.2013, 18:00
- 65,982
Лукашэнка падпісаў закон аб унясенні змен і дадаткаў у выбарчае заканадаўства.
Дакумэнт увойдзе ў дзеянне 8 снежня, піша «Інтэрфакс».
У адпаведнасці з законам «выбары дэпутатаў палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу» будуць праводзіцца ў адзін тур, у краіне будзе забароненая агітацыя за байкот выбарчых кампаній.
«Гэтая змена (выбары дэпутатаў) абумоўленая практыкай правядзення парламенцкіх выбараў, на якіх другі тур галасавання, за рэдкім выняткам, не праводзіўся», - заяўляла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына пры прыняцці закона. Пры гэтым яна падкрэсліла, што гэтая навацыя не будзе распаўсюджвацца на выбары прэзідэнта, якія па-ранейшаму будуць праходзіць у два туры.
У адпаведнасці з папраўкамі, паведаміла Ярмошына, прапануецца забараніць заклікі да зрыву, скасавання або пераносу тэрмінаў выбараў ці рэферэндуму. «Перадумовай да гэтага (забароны на байкот «выбараў») з'яўляецца негатыўная практыка вядзення асобнымі кандыдатамі перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі», - сказала яна, адзначыўшы, што найбольш прыкметна гэта выявілася ў часе апошніх выбарчых кампаній. Кіраўніца ЦВК заявіла, што забарона на байкот «выбараў» распаўсюджваецца «на ўсіх удзельнікаў выбарчай кампаніі».
Таксама кіраўніца ЦВК адзначыла, што ўнесеныя ў беларускае выбарчае заканадаўства папраўкі не ў поўнай меры адпавядаюць патрабаванням БДІПЧ АБСЕ.