20 красавiка 2024, Субота, 6:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзяды» ў Менску (Онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

77
«Дзяды» ў Менску (Онлайн-рэпартаж, фота, відэа)

У Менску прайшла акцыя, прысвечаная Дню памінання продкаў.

Яна была дазволеная гарадскімі ўладамі і пачалася ў 10.30.

Удзельнікі шэсця прайшлі традыцыйным маршрутам ад менскага парку Чалюскінцаў да ўрочышча Курапаты па праспекце Незалежнасці, вуліцах Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. У 14:30 ва ўрочышчы Курапаты пачаўся мітынг. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

Акцыя на «Дзяды» праходзіць у нашай краіне кожны год. Мерапрыемства ўвайшло ў гісторыю Беларусі тым, што ў 1988 годзе менавіта ў гэты дзень прайшоў масавы антысавецкі мітынг, арганізаваны Беларускім Народным Фронтам. Даведаўшыся праўду пра Курапаты, людзі прыйшлі ва ўрочышча, каб ушанаваць памяць тысяч суайчыннікаў, расстраляных у гэтым месцы ў гады сталінскіх рэпрэсій. Тады ўпершыню за дзесяцігоддзі жыцця ў складзе СССР і падпольнай барацьбы за незалежнасць беларусы адкрыта ўзнялі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Сёння шэсце ў Курапаты адбылося ў 25 раз.

15:40 Шаноўнае спадарства, мы заканчваем анлайн-рэпартаж. Дзякуй, што былі з намі ўвесь гэты час.

15:30 Людзі, што ўсталявалі крыжы і ўсклалі кветкі, пакідаюць Курапаты. Акцыя скончаная.

15:27 Затрыманы дастаўлены ў аддзяленне міліцыі на вуліцы Карбышава. Хутчэй за ўсё прычынай гэтаму стала адмова зняць майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь».

Фота: @pr0tez

15:17 Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» паведамілі сайту charter97.org, што каля дыспетчарскай станцыі «Карбышава» быў затрыманы гамяльчук Юрый Рубцоў. Ён браў удзел у шэсці. Да мужчыны падбеглі двое супрацоўнікаў міліцыі і, скруціўшы рукі, запіхнулі ў сіні мікрааўтобус Volkswagen. Прычыны затрымання яны не назвалі.

14:59 Мітынг скончыўся сумесным выкананнем гімну «Магутны Божа». Удзельнікі акцыі ўсталёўваюць крыжы ва ўрочышчы.

14:55 На мітынгу каля мемарыяльнага каменя ў цэнтры Курапатаў выступілі кіраўнікі КХП-БНФ Алесь Чахольскі і Юрась Беленькі. Яны заклікалі жыхароў іншых гарадоў Беларусі не забываць пра месцы масавых расстрэлаў у гады сталінскіх рэпрэсій. «Кожны можа ўсталяваць крыжы. Падобны мемарыял ёсць у кожным горадзе», - сказаў Алесь Чахольскі.

Фота: «Радыё Свабода»
Фота: nn.by

14:48 Адказны сакратар Управы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Валерый Буйвал зачытаў перад прысутнымі зварот лідара арганізацыі Зянона Пазняка.

«Дзяды» - адно з найважнейшых нацыянальных беларускіх святаў, якое бярэ пачатак у глыбокай даўніне і гарманічна ўваходзіць у хрысціянскую традыцыю. Гэта свята святога адзінства, калі забываюцца ўсе канфлікты, і людзі разам ідуць на могілкі, каб успомніць памерлых», - працытаваў ён словы кіраўніка партыі.

14:33 Удзельнікі акцыі падышлі да мемарыяльнага каменя ў цэнтры ўрочышча. Там пачаўся мітынг.

14:25 «Курапаты - не толькі сімвал сталінскіх рэпрэсій. Бо менавіта адсюль пачалося адраджэнне Беларусі. Нездарма многія кажуць, што тады, 25 гадоў таму, сюды з менскіх Усходніх могілак» сюды ішоў натоўп, а выйшаў народ. Таму Курапаты для нас з'яўляюцца і сімвалам супраціву, сімвалам сілы беларусаў. Тут улады не могуць нас перамагчы», - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.

14:21 У шэсці бярэ ўдзел былы старшыня Беларускага народнага фронту Лявон Баршчэўскі. Ён, таксама, як і многія іншыя палітыкі, успомніў пра падзеі 25-гадовай даўніны. «Дзяды» 1988 года сталі паваротнай кропкай гісторыі Беларусі. Ужыванне сілы ўладамі ў адказ на тое, што людзі прыйшлі, каб аддаць даніну памяці сваім продкам, паказала, што гэтыя ўлады нечалавечыя, не беларускія, несамастойныя, што загад ужываць сілу давалі з Масквы. Менавіта пасля гэтага людзі сталі запісвацца ў БНФ», - сказаў ён.

14:20 Калона скончыла шэсце ў Курапатах. Людзі ўскладаюць кветкі да галоўнага крыжа ля ўваходу ва ўрочышча.

14:10 Калі калона праходзіла па вуліцы Карбышава, некалькі нецвярозых маладых людзей пачалі гучна абражаць удзельнікаў акцыі, выказваць сваю нязгоду з апазіцыяй. Пры гэтым яны крычалі, што «браты-славяне павінны быць разам з Украінай, Расеяй і Югаславіяй». Некалькі пажылых удзельнікаў шэсця ўступілі ў слоўную сварку з маладымі людзьмі. Інцыдэнт завяршыўся без наступстваў праз некалькі хвілін, паведамляе БелаПАН.

Фота: «Радыё Свабода»

13:57 Былы палітвязень Аляксандр Францкевіч, які браў удзел у акцыі, распавядае пра змены, якія ўбачыў у беларускім грамадстве пасля выхаду з турмы. «Сітуацыя змяняецца ў лепшы бок. Многія выказваюць салідарнасць, шмат пратэстных ідэй, якія пакуль застаюцца на кухнях, але я думаю, што гэта не будзе працягвацца доўга. Я сюды прыйшоў таму, што салідарны з тымі, каго тут забілі», - распавёў ён.

13:49 Калона павярнула на вуліцу Мірашнічэнкі і рухаецца ў кірунку да МКАД.

13:31 Лідар «Маладой Беларусі» назваў сённяшнюю сітуацыю ў краіне «зацішшам перад бурай». «Гэта адна з трох масавых акцый, што засталіся ў палітычным годзе дэмакратычных актывістаў. Розныя палітычныя сілы аб'ядноўваюць не толькі «Дзяды», але тыя праблемы, якія існуюць у краіне. Тое, што мала удзельнікаў - гэта рэальнасць. Шмат людзей далучаецца тады, калі будзе драйв у грамадстве, калі будзе магчымасць пераменаў», - сказаў ён.

13:25 Актывісты КХП-БНФ нясуць расцяжку з надпісам «Беларускаму народнаму фронту - 25 гадоў. 1988/10/19 - 2013/10/19»

13:12 Паралельна калоне перасоўваюцца некалькі мікрааўтобусаў з таніраваным шклом. Як паведамілі сайту charter97.org актывісты «Еўрапейскай Беларусі», адзін з іх выкарыстоўваўся супрацоўнікамі міліцыі падчас прэвентыўных затрыманняў апазіцыянераў перад адным з масавых мерапрыемстваў раней. Мікрааўтобусы павольна праязджаюць уздоўж руху калоны, потым спыняюцца і чакаюць, пакуль яна іх абгоніць. Пасля гэтага яны зноў едуць наперад.

Фота: @pr0tez

13:02 Маладыя людзі нясуць транспарант «Беларуская салідарнасць - наш супраціў расейскай акупацыі».

12:58 Калона павярнула на вуліцу Карбышава.

12:48 Сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» адзначыў, што Курапаты аб'ядноўваюць тых прадстаўнікоў апазіцыйных сіл, якія звычайна дыскутуюць і спрачаюцца паміж сабой. Палітык заявіў, што ў якасці помніка ахвярам рэпрэсій ва ўрочышчы павінен быць узведзены хрысціянскі храм.

Аднак не ўсе ўдзельнікі шэсця пагадзіліся з гэтым. Адна з жанчын сказала, што лепшым помнікам забітым у Курапатах беларусам з'яўляецца «Народны мемарыял» - алея крыжоў, якія былі ўсталяваныя прадстаўнікамі грамадскасці. Удзельніца акцыі, у сям'і якой таксама былі рэпрэсаваныя, упэўненая, што нельга дапускаць, каб памяць ахвяр рэпрэсій увекавечвалі прадстаўнікі сённяшніх уладаў краіны.

Фота: «Радыё Свабода»

12:34 У калоне ідзе вядомы беларускі скульптар Генік Лойка. Ён браў удзел у першай акцыі, якая прайшла на «Дзяды» ў савецкай Беларусі. Скульптар нагадаў пра тое, што менавіта тады ўпершыню ў паваеннай гісторыі краіны на масавым мерапрыемстве быў узняты забаронены бел-чырвона-белы сцяг. «Гэта было ў чыстым полі, я цяпер нават не ўзгадаю дакладнага месца», - распавёў ён. Генік Лойка адзначыў, што было б нядрэнна увекавечыць гэтую падзею ў будучыні і ўсталяваць там помнік.

«Дзяды» 1988 года - гэта была рэвалюцыя, быў зададзены такі імпульс, што калі-небудзь «Дзяды» ператворацца ў сапраўднае дзяржаўнае свята», - сказаў ён

12:27 Удзельнікі шэсця спяваюць гімн «Магутны божа».

12:17 Шэсце звярнула з праспекта Незалежнасці і рухаецца па ходніках вуліцы Каліноўскага. З-за таго, што яны вельмі вузкія, калона расцягнулася ў даўжыню амаль на кіламетр. Людзі частуюць адзін аднаго цёплай гарбатай з тэрмасаў.

12:12 Сярод удзельнікаў акцыі - не толькі жыхары Менска, але і тыя, хто прыехаў на яе з іншых гарадоў, - Баранавічаў, Салігорска, Пінска, Гародні, Віцебска і іншых. Многія распавядаюць журналістам пра тое, што ў гады сталінскіх рэпрэсій пазбавіліся сваіх родных. Не выключана, што яны былі пахаваныя менавіта ў Курапатах.

Фота: belsat.eu

12:09 Са слоў лідара Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, у шэсці бяруць удзел ад 1500 да 2000 чалавек. Ён адзначыў важнасць таго, што калону пад бел-чырвона-белымі сцягамі бачаць менчукі ў грамадскім транспарце і мінакі, якія не бяруць удзелу ў ёй.

Відэа чытача charter97.org.

11:56 Супрацоўнікі міліцыі падчас руху перапісваюць змест ўсіх плакатаў і транспарантаў, якія нясуць удзельнікі акцыі.

Фота: Раман Пратасевіч

11:45 Удзельнік шэсця ў майцы «Лукашэнка, сыходзь», не падпарадкаваўся міліцыі і не зняў яе. На спіне ў яго напісана: «Чатыры разы прэзідэнт - не! Гэта не прэзідэнт, а цар-самазванец».

Фота: «Радыё Свабода»

11:38 Удзельнікі акцыі нясуць транспаранты з надпісамі «Дзяды», «Дзякуй продкам за мову», «Ушануем ахвяраў Курапатаў». Некаторыя ўдзельнікі нясуць драўляныя крыжы, якія былі вырабленыя імі самастойна, многія прыйшлі з кветкамі.

Фота: Раман Пратасевіч
Фота: @mikitabrouka

11:32 Калона дайшла да станцыі метро «Маскоўская». Колькасць людзей у ёй расце. Цяпер у шэсці бяруць удзел блізу 500 чалавек.

11:25 Кіроўцы аўтамабіляў, якія праязджаюць па праспекце Незалежнасці, сігналяць у знак падтрымкі ўдзельнікам шэсця.

Фота: Сяргей Гудзілін

11:20 Адзін з удзельнікаў акцыі Юрась Беленькі падкрэсліў, што большасць удзельнікаў мерапрыемства - моладзь. Таксама ён нагадаў аб абароне Курапатаў падчас будаўніцтва МКАД у 2001 годзе. Тады агульнымі намаганнямі актывістаў руху «Зубр» і «Маладога фронту», якія кругласутачна дзяжурылі ва ўрочышчы, удалося дамагчыся абмежавання будоўлі.

Фота: Bel News Photos

11:12 На чале калоны ідуць людзі, якія нясуць драўляныя крыжы. На шляху да ўдзельнікаў далучаюцца людзі. Людзі спяваюць гімн «Пагоня» і скандуюць «Жыве Беларусь».

Фота: «Радыё Свабода»

11:11 У акцыі бяруць удзел каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, былыя палітвязні Зміцер Дрозд і Аляксандр Францкевіч.

11:04 Яшчэ чатыры аўтазакі выявіў на вуліцы Мяржынскага недалёка ад месца збору карыстальнік «Твітэру» @mikitabrouka.

Фота Валерыя Каліноўскага

11:00 Калона пад бел-чырвона-белымі сцягамі пачала рух.

10:59 На вуліцы Талбухіна побач з месцам збору ўдзельнікаў акцыі стаяць чатыры аўтазакі, два міліцэйскія уазікі і машына з гукаўзмацняльнай апаратурай. Пра гэта паведаміў у сваім акаўнце ў «Твітэры» актывіст апазіцыі Раман Пратасевіч.

Фота: Сяргей Гудзілін
Фота: Сяргей Гудзілін

10:55 Міліцыянты падышлі да аднаго з удзельнікаў акцыі і запатрабавалі зняць майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь».

Фота: «Радыё Свабода»

10:51 Удзельнікі акцыі, якіх ужо больш за 200 чалавек, прынеслі некалькі вялікіх драўляных крыжоў, якія плануецца ўсталяваць ва ўрочышчы Курапаты. З'явіліся сцягі аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і арганізацыі «Маладая Беларусь».

Фота: @svaboda

10:47 На пляцоўцы каля станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» з'явіліся арганізатары акцыі - лідары Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрый Беленькі і Валер Буйвал, а таксама былы палітвязень, сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Рыгор Кастусёў, намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Фота: Bel News Photos

10:35 Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні, якія знаходзяцца на пляцоўцы, а таксама на супрацьлеглым баку праспекта Незалежнасці, здымаюць удзельнікаў мерапрыемства на відэа.

Фота: «Радыё Свабода»

10.20 На месцы збору пачынаюць збірацца ўдзельнікі акцыі. Узняты першы бел-чырвона-белы сцяг.

Фотa: @svaboda

10:12 Перад пачаткам мерапрыемства пляцоўку, на якой збіраюцца ўдзельнікі, праверылі сапёры. Пасля, да менскага гадзіннікавага завода пад’ехалі машыны ДАІ і эвакуатар. Яны будуць прыбіраць аўтамабілі, прыпаркаваныя на пляцоўцы, паведамляе «Радыё Свабода».

Фотa: «Радыё Свабода»

10:10 Добры дзень, дарагія чытачы. Мы пачынаем онлайн-рэпартаж з акцыі, прысвечанай Дню памінання продкаў «Дзяды», якая праходзіць у Менску.

Маршрут шэсця

маршрут шэсця

Фота: «Еўрарадыё»

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках