Жыхару Урала пагражае 10 гадоў пасля крыкаў «Тагіл!» і ламбады
9- 20.12.2013, 14:45
- 26,917
Неадэкватныя паводзіны пасажыра цягніка Брэст-Новасібірск прыцягнулі ўвагу міліцыі.
Цяпер мужчыне пагражае да 10 гадоў турэмнага зняволення за захоўванне наркотыку, пасля ўжывання якога ён крычаў у цягніку «Тагіл!», вальсаваў з пасажыркай і танцаваў ламбаду. Пра гэта паведамляецца на сайце МУС па Сібірскай федэральнай акрузе Расеі.
Раней праваднікі паведамілі ў праваахоўныя органы пра тое, што адзін з пасажыраў цягніка Брэст-Новасібірск адмовіўся пакідаць вагон, піша Gazeta.ru.
«Гэты мужчына паводзіў сябе вельмі ўзбударажана: бегаў па вагоне з воклічамі: «Тагіл!», гучна спяваў песні, танцаваў ламбаду на сядзенні ў купэ і нават прымудрыўся закруціць у вальсе адну са спадарожніц. Праваднікі ўгаварылі няўрымслівага пасажыра легчы спаць, перад станцыяй «Новасібірск» ён прачнуўся і працягнуў паказваць выкрутасы», - адзначаецца ў паведамленні.
Супрацоўнікі паліцыі даставілі мужчыну ў дзяжурнае аддзяленне, дзе выявілі ў яго пакецік з курыльнай сумессю.
Мужчына раскаяўся ў зробленым. Стала вядома, што ён ехаў у Новасібірск да свайго сябра. У цягніку ён упершыню паспрабаваў наркотык.