29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча

20

Сайт charter97.org аб'явіў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2013 год.

Мы вырашылі прысвяціць Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека памяці аднаго з лідараў беларускага адраджэння Віктара Івашкевіча. Усё сваё жыццё Віктар аддаў барацьбе за свабоду Беларусі. Яго мужнасць, самаадданасць, прынцыповасць, сумленнасць сталі для нас арыенцірамі. Віктар Івашкевіч быў адным з ініцыятараў і сябрам аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97». З гэтага часу прэмія будзе называцца яго імем.

Называем герояў гэтага года:

Анджэй Пачобут

Лаўрэат прэміі «За асабістую мужнасць». Журналіст, верны прафесіі, а таксама адзін з лідараў пераследаванага беларускімі ўладамі Звязу палякаў Беларусі. Нягледзячы на ціск, крымінальныя справы і турмы ён называе рэчы сваімі імёнамі, піша артыкулы, якія адкрыта крытыкуюць улады, не замоўчвае тое, пра што трэба крычаць на ўвесь свет.

У гэтым годзе скончыўся тэрмін пакарання Анджэя Пачобута абмежаваннем волі. Аднак, нават знаходзячыся некалькі гадоў пад наглядам міліцыі і спецслужбаў, ён працягваў публікаваць смелыя артыкулы ў польскай «Газеце Выбарчай» і на сайце charter97.org. У гэтым годзе Анджэй таксама апублікаваў кнігу «Сістэма Беларусь», у якой паспрабаваў раскрыць сутнасць рэжыму Лукашэнкі. «Дыктатар Лукашэнка - цынічны, несумленны і беспрынцыповы маніпулятар. Менавіта дзякуючы гэтым сваім якасцям ён прыйшоў да ўлады і ўтрымлівае яе да гэтага часу», - сказаў Анджэй на прэзентацыі кнігі.

Уладзімір Яроменак

Прэмія «За асабістую мужнасць пры абароне правоў чалавека» прысуджаецца палітвязню Уладзіміру Яроменку. Актывіст «Маладога фронту» паўторна прысуджаны да арышту на 3 месяцы па цынічнам абвінавачванні ў «парушэнні прэвентыўнага нагляду».

Лёс Уладзіміра Яроменка - страшная тэндэнцыя сённяшняга часу. У турмах па-ранейшаму працягваюць утрымлівацца палітвязні, арыштаваныя падчас і пасля выбарчай кампаніі 2010 года, аднак тыя вязні сумлення, якія выходзяць на волю, арыштоўваюцца па другім крузе. Кожны з былых палітвязняў знаходзіцца пад татальным кантролем уладаў.

Прысуджаючы прэмію Уладзіміру Яроменку, мы аддаём даніну яго мужнасці і нязломнасці, а таксама заклікаем свет звярнуць увагу на неабходнасць патрабавання вызвалення і поўнай рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітвязняў.

Беларускі Свабодны тэатр

«За смеласць у творчасці» ў гэтым годзе ўзнагароджваецца трупа Беларускага свабоднага тэатра, якая працягвае працу ў Беларусі. Кіраўнікі БСТ Мікалай Халезін, Уладзімір Шчэрбань і Наталля Каляда з-за рэпрэсій уладаў пасля 19 снежня 2010 года вымушаныя былі з'ехаць з краіны і сёння аб пастаноўках Свабоднага тэатра ведае ўвесь свет.

Кожны спектакль тэатра ў Менску спалучаны з вялікай рызыкай. Супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў урываюцца практычна на кожную пастаноўку, затрымліваючы і акцёраў, і гледачоў. У гэтым годзе тэатр застаўся без памяшкання. Улады забаранілі трупе ставіць спектаклі нават у прыватным доме ў адным з раёнаў Менска. Але смелыя артысты, рызыкуючы свабодай, працягваюць іграць спектаклі на розных пляцоўках, а таксама праводзяць перформансы на вуліцах сталіцы.

«Тэатр - гэта не памяшканне, тэатр - гэта там, дзе адбываецца нешта па-сапраўднаму важнае. А гэта можа здарыцца дзе заўгодна», - сказаў у інтэрв'ю нашаму сайту рэжысёр тэатра Уладзімір Шчэрбань.

Таццяна Новікава

Эколаг Таццяна Новікава разам з калегамі паслядоўна змагаецца супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Пратэстуючы супраць шматлікіх парушэнняў пры ўзвядзенні АЭС, экаабаронцы сёння выйшлі на перадавую і падвяргаюцца рэпрэсіям разам з палітычнай апазіцыяй. За сваю дзейнасць Таццяна Новікава падвяргалася арыштам і ціску. Сёння яна змагаецца за тое, каб беларусы мелі праўдзівую інфармацыю аб экалагічна небяспечных праектах улады і маглі ўплываць на прыняцце важных для краіны рашэнняў. За асабістую мужнасць у барацьбе за нашы правы на бяспечнае жыццё прэмія ў гэтым годзе прысуджаецца гэтай смелай жанчыне.

У гэтым годзе ў Беларусі было нямала іншых герояў, годных Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека, але мы стараемся не ўручаць узнагароду паўторна.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Алесь Бяляцкі, Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта парафіі святога Іосіфа ў г.Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валерый Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зніклых у Беларусі лідараў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб'яднанне «Пагоня», музычныя гурты «Ляпіс Трубяцкі» і яго лідар Сяргей Міхалок, «NRM», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч, праваабаронца Яна Палякова, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, шведскія пілоты Томас Мазэці, Пер Кромвел і Хана Фрэй, палітычныя зняволеныя па «справе 19 снежня», ініцыятыва «Вызваленне» і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках