МНС раіць беларусам не ездзіць на аўто
9- 6.12.2013, 20:26
- 23,268
Да Беларусі набліжаецца магутны паўночнаатлантычны цыклон «Хаўер». Паводле звестак сіноптыкаў, ён праявіць сябе ўжо 6 снежня.
Чакаюцца снег, мяцеліца, месцамі на дарогах галалёдзіца. Прагназуюцца парывы ветру да 15-24 метраў у секунду. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў.
У суботу, 7 снежня, складаныя ўмовы надвор'я захаваюцца. Тэмпература паветра панізіцца, на працягу сутак будзе ад нуля да мінус 6 градусаў. Вецер у асобных раёнах пачне сціхаць. Да нядзелі «Хаўер» пакіне тэрыторыю Беларусі і сыдзе на Маскоўскую вобласць, паведамляе БелТА.
У сувязі з чаканым пагаршэннем надвор'я МНС Беларусі раіць устрымацца ад паездак на аўтамабілі. Аўтамашыны трэба паставіць у гараж, а калі яго няма, то паркавацца неабходна ўдалечыні ад дрэў і слаба ўмацаваных канструкцый.
«Калі ж вы ўсё ж такі ў дарозе, то будзьце вельмі ўважлівыя ва ўмовах дрэннай бачнасці. Старайцеся рухацца толькі па вялікіх дарогах і шашы», - адзначылі ў МНС.
Пры паломцы або пры вельмі дрэннай бачнасці трэба ўключыць аварыйную сігналізацыю, спыніцца на абочыне дарогі, чакаць дапамогі ў аўтамабілі, а рухавік пакінуць уключаным. Шкло трэба прыадчыніць для вентыляцыі.